навіны

З тэлефона Мельнікавай былі спампаваныя файлы, а пасля быў уваход з Беларусі – Каардынацыйная рада

Спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава
Спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава. Фота: Каардынацыйная рада / Telegram
podpis źródła zdjęcia

З акаўнту зніклай спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай 13 сакавіка былі спампаваныя файлы, да якіх яна мела доступ у межах Каардынацыйнай рады.

Спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава. Варшава, Польшча. 19 ліпеня 2024 года. Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Сусед Мельнікавай кажа, што не бачыў яе ў кватэры з 1 сакавіка

навіны

Спампоўка файлаў з акаўнту Анжалікі Мельнікавай адбылася 13 сакавіка, паведамліла Каардынацыйная рада. Паводле КР, гэта датычыць бяспекі ўсіх чальцоў Рады.


«Была праведзеная дадатковая праверка, – піша Каардынацыйная рада. – Пацверджана: 13 сакавіка з акаўнту Анжалікі Мельнікавай былі спампаваныя файлы, да якіх яна мела доступ у рамках працы Каардынацыйнай рады. Сярод іх – стратэгічны план, бюджэт, унутраныя даклады і іншыя аперацыйныя матэрыялы.


Таксама пацвярджаецца інфармацыя пра лагін ейнага тэлефона з тэрыторыі Беларусі, які адбыўся 19 сакавіка. Просім усіх удзельнікаў паставіцца да гэтай інфармацыі з усёй адказнасцю».


Паводле правярання КР, уваход у акаўнт Мельнікавай 19 сакавіка быў з тэрыторыі Беларусі, а менавіта з Менску. Але ў якой лакацыі былі спампаваныя файлы 13 сакавіка, невядома.


Што адбылося з Мельнікавай, усё яшчэ незразумела


Выканаўца абавязкаў спікеркі КР Станіслава Гліннік расказала «Белсату», што не можа раскрыць дэталі праверкі, якая праводзілася, бо «гэта ўнутраныя працэдуры».


Што тычыцца рызыкаў праз спампаваныя файлы, то Каардынацыйная Рада «у працэсе ацэнкі пагрозаў і аналізу файлаў».


«Пакуль што крытычных дадзеных няма», – кажа Станіслава Гліннік.


На жаль, пасля праверкі не стала больш зразумела, што адбылося з Анжалікай Мельнікавай, дадае Гліннік:

,,

«Мы ўсё яшчэ маем толькі ўскосныя факты, па якіх не магчыма нешта дакладна сцвярджаць».


Новыя звесткі абмеркавалі на агульным паседжанні Каардынацыйнай рады. Гліннік расказала, што новыя звесткі ўласнай праверкі бяспекі КР яна атрымала проста перад пачаткам паседжання. Уласная праверка пацвердзіла тое, што раней казаў пра знаходжанне тэлефона Мельнікавай у Беларусі кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, а таксама тое, што 13 сакавіка «з яе дыску» былі спампаваныя ўсе файлы, даступныя Мельнікавай у межах Каардынацыйнай рады і толькі яе. Далейшы лёс файлаў не ведаюць.


Станіслава Гліннік таксама паведаміла, што не мае новай афіцыйнай інфармацыі аб расследаванні ў Польшчы. 8 красавіка стала вядома, што справа, хутчэй за ўсё, будзе перададзеная з аддзелу забойстваў у іншае падраздзяленне – імаверна, у нейкае падраздзяленне Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW).

,,

«На першы погляд, гэтыя файлы не ўтрымлівалі ўсіх асабовых звестак Каардынацыйнай рады, але гэта былі ўсе працоўныя дакументы, да якіх мела дачыненне Анжаліка, усе даклады, тэксты, інтэрв’ю, стратэгічны план, бюджэт Каардынацыйнай рады, які планаваўся», – расказала Гліннік.


З якой мэтай былі спампаваныя файлы, невядома, падкрэсліла яна і нагадала, што лагін тэлефона Мельнікавай у Беларусі адбыўся пазней за тое, як файлы былі спампаваныя з невядомай лакацыі.


Латушка на паседжанні расказаў, што незадоўга да гэтага зноў камунікаваў з польскімі праваахоўнымі органамі. Тыя пацвердзілі, што пакуль не маюць дадатковых звестак.

,,

«Генеральная пракуратура, пракурор Польшчы ўжо ўзяў нагляд за гэтай справай, – адзначыў Латушка. – Значыцца, да гэтай справы будзе больш пільная ўвага».


Ён нагадаў, што ўсе чальцы Каардынацыйнай рады ў бягучым складзе адкрытыя, супраць іх ужо распачатыя крымінальныя справы ў Беларусі, яны праводзяць адкрытыя паседжанні. Гэта, кажа ён, не азначае, што не трэба дбаць пра бяспеку непублічных звестак, але заклікаў памятаць, што публічныя звесткі не толькі чальцоў КР, а яшчэ кандыдатаў у дзейны склад КР.


Сябра КР Іван Краўцоў дадаў, што з акаўнту Мельнікавай можна было спампаваць толькі файлы, датычныя бягучага складу КР, а доступ да ранейшых файлаў – да ліпеня 2024 года – быў абмежаваны. Спампаваныя маглі быць толькі файлы, датычныя абавязкаў спікеркі дзейнага складу.


Пра знікненне спікеркі Каардынацыйнае рады сталася вядома ўвечары 28 сакавіка. Сувязі з ёй няма з 25 сакавіка. Раней Латушка расказаў, што былы муж Мельнікавай выехаў у Беларусь, а 31 сакавіка паведаміў, што мабільны тэлефон Анжалікі з 19 сакавіка фіксуецца на тэрыторыі Беларусі.


Гліннік на паседжанні згадала апошнія навіны: КР даведалася з медыяў пра кантакт з ейным былым мужам, пра тое, што, са словаў сваякоў зніклай, дзеці Мельнікавай знаходзяцца ў Беларусі, пра варшаўскіх суседзяў Мельнікавай, якія не бачылі яе з 1 сакавіка.


Сярод іншага на паседжанні КР абмяркоўвалі ідэю праверкі ўсіх сяброў Рады на паліграфе («дэтэктары хлусні»). Ідэю прэзентаваў Генадзь Манько – КР вырашыла, што яму варта распрацаваць рэгламент працоўнай групы, якая магла б заняцца гэтай справай.


Арсен Рудэнка, Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10