У 2024 годзе пакаралі смерцю больш, як папярэднімі гадамі. Да такой высновы прыйшлі ў Amnesty International, калі вывучылі стан справаў у тых краінах, дзе існуе такое пакаранне. Да іх адносіцца і Беларусь, прычым гэта адзінае месца ў Еўропе, дзе людзей пазбаўляюць жыцця па рашэнні суда і гэта лічыцца нармальнаю практыкаю.
Улады спасылаюцца на волю народу: маўляў, на рэферэндуме 1996 года людзі пагадзіліся не адмяняць смяротнага пакарання. Ці ёсць неабходнасць сёння казаць пра законнасць таго рэферэндуму, які прынята лічыць датаю дзяржаўнага перавароту ў Беларусі? Але нават, калі меркаваць, што ён быў бы законны, то ці можна выносіць пытанне пра смяротнае пакаранне на народнае галасаванне?
А як бы сёння прагаласавалі? Хутчэй за ўсё, гэтак жа. Бо адмена смяротнага пакарання ў краіне – гэта не толькі пытанне выканання ўмовы для ўваходжання ў еўрапейскую сямʼю. Гэта найперш пытанне сталасці дэмакратычных інстытутаў грамадства. Прычым у такім пытанні дэмакратычныя інстытуты гэта адно, а абывацелі – зусім іншае. І не мае значэння, наколькі развітая дэмакратыя ў краіне. Далёка хадзіць не трэба. Возьмем тую ж Францыю. Там нейкіх 44 гады таму, у 1981-м, адмянілі гільяціну. А якія дэбаты гэтаму папярэднічалі! 10 гадоў! І гэта ў краіне, дзе першая буржуазная рэвалюцыя адбылася яшчэ ў 1789-м. Тады сканала манархія, прычым нават фізічна – з дапамогаю гільяціны абезгаловілі караля Людовіка ХVI і ягоную жонку Марыю Антуанэту.
У ХХ стагоддзі з 1906-га да 1981 года там абезгаловілі 511 асобаў. А ці шмат французаў пратэставала супраць такіх пакаранняў смерцю? Нічога падобнага! Да 1940-га пакаранні былі нават публічныя. У 1939-м каля турмы Сэн-Пʼер у Вэрсалі пакаралі смерцю 19-гадовага немца. Яго абвінавачвалі ў смерці шасці чалавек. Ахвотных паглядзець на пакаранне было столькі, што людзі з вечара займалі месцы. Жандары з цяжкасцю змаглі расчысціць плошчу, каб усталяваць гільяціну. Натоўп успрымаў усё з захапленнем. Жанчыны мачылі насоўкі ў крыві пакаранага смерцю, бо верылі, што гэта будзе спрыяць фертыльнасці. Пасля гэтага прэмʼер-міністр забараніў публічныя пакаранні, спаслаўшыся на тое, што яны не маюць належнага павучальнага эфекту. І з таго часу караць сталі ў турмах.
Што ж казаць пра краіны Усходу і Азіі? Сёння праваабаронцы з «Amnesty International» гавораць, што там колькасць пакаранняў смерцю выйшла на самую высокую адзнаку з 2015 года. Іран лідаруе ў гэтым спісе. У дакладзе паведамляецца, што на яго долю, а таксама Ірак і Саудаўскую Аравію, прыпадае больш за 91 %. Але трэба памятаць, што гаворка толькі пра вядомыя пакаранні смерцю. Агучваецца лік 1518 чалавек. У Кітаі, Вʼетнаме і Паўночнай Карэі таксама практыкуюцца смяротныя пакаранні, але дакладная колькасць складае дзяржаўную таямніцу, і нельга выключаць, што ў гэтых краінах лік пакараных смерцю можа быць яшчэ большы, як у Іране, Іраку і Саудаўскай Аравіі.
Тое, што наяўнасць смяротнага пакарання – рычаг ціску на грамадства, відаць на гэтых прыкладах. Праваабаронцы ў дакладзе адзначаюць, што колькасць смяротных пакаранняў расце ў перыяды пратэстаў і нявызначанасці. У Іране і Самалі пакаралі смерцю нават падлеткаў. Ці можа гэта стрымаць ад выхаду на дэманстрацыі? Чаму не? Ці ўплывае наяўнасць смяротнага пакарання на крымінагенную абстаноўку? Даўно даказана самымі рознымі апублікаванымі даследаваннямі, што не ўплывае ніякім чынам. Улюбёны класічны прыклад праваабаронцаў: падчас публічнага пакарання злодзеі чысцяць кішэні разявак гэтак жа, як і ў звычайны кірмашовы дзень.

У 1998 годзе я атрымала цыдулку з СІЗА ад «смяротніка» Івана Фаміна. Яго абвінавацілі ў забойстве таксоўца. У той справе ўсё было супярэчліва. З Іванам у дзень забойства былі двое рэцыдывістаў, якія нядаўна выйшлі з турмы. Адзначалі першы заробак Фаміна. Знайшліся сведкі, якія сказалі, што гэтыя рэцыдывісты селі ў таксоўку без Івана, а калі міліцыя выйшла на іх след, то яны выкралі сястру Фаміна і прымусілі яго ўзяць усю віну на сябе. Ён толькі нядаўна стаў поўнагадовым, і яго запэўнілі, што ў найлепшым выпадку атрымае пару гадоў турмы. Вынік вядомы. У гэтай гісторыі тады мяне найбольш узрушыла абыякавасць міліцыянтаў, суддзяў, пракурораў. Бо нават, калі знайшлося адзенне, на якім, магчыма, былі сляды крыві забітага, ніякага новага расследавання «пры новых абставінах» не было. А старшыня Вярхоўнага Суда на прыёме сказаў Іванавай маці: «Я ўсё разумею, але зараз ён будзе ведаць, як браць на сябе чужую віну». Потым я стала атрымліваць і іншыя цыдулкі з Валадаркі. Назбіралася 12 за пару гадоў. І за кожнай была страшная трагедыя.
Вядома, нехта з тых, каго асудзілі на пакаранне смерцю, мог быць забойцам. Я прыгадваю, як два тагачасныя знаныя палітыкі, адзін з якіх потым стаўся праваабаронцам, казалі мне: «Навошта табе гэта? Улады могуць скарыстацца і скажуць, маўляў, паглядзіце, каго яны абараняюць, – забойцаў!» Мяне папярэдзілі: калі што, дык буду ўсё разграбаць адна. Гэта потым былі круглыя сталы ў офісе АБСЕ, канферэнцыі, даклады. А да таго ўся надзея была толькі на замежных праваабаронцаў і палітыкаў, якія слалі факсы ў адміністрацыю Лукашэнкі, пракуратуру, Вярхоўны і Канстытуцыйны суды, але час ішоў, і такія звароты мелі ўсё менш сэнсу. Дыктатура і смяротнае пакаранне заўсёды побач. Дыктатар жадае дэманстраваць, што можа распараджацца жыццямі сваіх грамадзянаў.
Ужо было шмат публікацыяў пра тое, у якіх умовах утрымліваюць «смяротнікаў», як ажыццяўляецца смяротнае пакаранне. Але найменш гавораць пра сваякоў няхай нават забойцы. У гэтым выпадку ўсё роўна, мела месца судовая памылка альбо гаворка пра сапраўднага забойцу. Бо сваякам не паведамляюць пра дату пакарання, каб тыя маглі развітацца. Ім не аддаюць цела для пахавання і не паведамляюць месца. Я бачыла матуль, якія праўдамі і няпраўдамі збіралі інфармацыю, каб потым прыйсці на месца, дзе ўначы мог быць пахаваны іхны сын. Ставілі там крыжыкі, маліліся. Але праз нейкі час на тым спецучастку ўжо былі іншыя пахаванні. І ім прыходзіць ужо не было куды. Ёсць яшчэ пытанне: а як жа выканаўца пакарання? Бо ён таксама здзяйсняе забойства чалавека, хоць і на загад кіраўніцтва.
Вайна, расстрэлы мірных грамадзянаў і палонных – усё гэта, магчыма, прытупляе ўспрыманне тэмы смяротнага пакарання. Але ж яна нікуды не знікла, і няма падставаў меркаваць, што знікне найбліжэйшым часам. Аптымізму надае гісторыя з Францыяй. Там таксама здавалася, што нічога не атрымаецца, але ж атрымалася. Атрымаецца і ў нас. Не было ў нас 10 гадоў дэбатаў на тэму адмены пакарання. Можа, беларусам столькі і не спатрэбіцца. Паборнік адмены пакарання Вальтэр пісаў: «Французы прыходзяць да ўсяго запозна, але ўрэшце яны прыходзяць». Прыйдзем і мы.
Любоў Лунёва belsat.eu