У 2024 годзе ў Беларусі былі зарэгістраваныя 46 242 шлюбы і 34 866 разжэнстваў, паведамляе Белстат. Даведаліся, з партнёрамі з якіх краінаў бяруць шлюб беларусы і беларускі і як змяніўся век, пры якім людзі ўпершыню жэняцца ці выходзяць замуж.
З 34 866 разводаў у 5631 выпадку абаім партнёрам было менш за 30 гадоў. Таксама чвэрць разжэнстваў была ў параў, якія ў шлюбе ад 1 да 4 гадоў. Яшчэ крыху менш за чвэрць назіралася сярод параў, якія прабылі ў шлюбе ад 5 да 9 гадоў.
У бальшыні выпадкаў разжаняліся пары з дзецьмі (36,3 % з адным дзіцем, 22,5 % з дваімі і больш). У 41,2 % выпадкаў у параў не было дзяцей.
У сярэднім у 2024 годзе на 1000 чалавек у шлюб уступалі 5,1, а разводзіліся – 3,8 асобы.
З гадамі беларускі і беларусы ўсё пазней упершыню пастанаўляюць афіцыйна зарэгістраваць шлюб. Сярэдні век жанчын, якія ўпершыню выходзілі замуж у 2024-м, склаў 26,7 года, а ў 2014-м быў 25,3 года. Мужчыны ж у сярэднім упершыню ажаніліся ў 2024-м у 28,9 года, а ў 2014-м – 27,4 года.
Сярод асобаў, старэйшых за 65 гадоў, былі 633 нявесты і 944 жаніхі.
Беларускі часцей за беларусаў знаходзяць сабе пару сярод замежнікаў. У 2024 годзе 1307 беларусаў ажаніліся з замежніцамі. У асноўным гэта былі жанчыны з Расеі (956). На другім месцы – украінкі (149). На трэцім апынуліся нявесты з Казахстану (32).
А беларусак, якія выйшлі за замежнікаў, было 1856. Найчасцей шлюбы заключаліся з расейцамі (957). На другім месцы – літоўцы (73), а на трэцім – туркі (69).
Арсен Рудэнка belsat.eu