навіны

«Шпіянаж на карысць Польшчы і Ватыкану». Стала вядома, у чым абвінавацілі ксяндза Акалатовіча

img
Генрых Акалатовіч. Фота: katolik.life
podpis źródła zdjęcia

Ксяндза Генрыха Акалатовіча пакаралі 11 гадамі зняволення на падставе абвінавачання ў «шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкану». У яго атрымалася паведаміць гэта вернікам напярэдадні свайго 65-годдзя 8 сакавіка, паведамляе «KATOLIK.LIFE».

Суд над Генрыхам Акалатовічам праходзіў у закрытым рэжыме. Вядома было толькі тое, што яго абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве, але без падрабязнасцяў.


Ксёндз перадаў, што яго абвінавацілі ў «шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкану» і гэта ёсць «грубай правакацыяй». Святар не прымае абвінавачання і падкрэслівае, што ніколі не быў шпіёнам і ёсць выключна слугою Бога. Паводле яго, судзілі не яго, а «ўвесь Каталіцкі касцёл у Беларусі».


Акалатовіч дадае, што ў ягонай справе «няма ні слова праўды, ніводнага факту, які выкрывае яго ў шпіянажы, а ўсё абвінавачанне будуецца на хлусні, пагрозах і шантажы». Ён расказаў, што паводле справы былі апытаныя дзясяткі сведак, у тым ліку чыноўнікі і вайскоўцы, але ніхто не даў супраць яго «выкрывальных паказанняў». Гэта толькі падкрэслівае, што справа палітычная, мяркуе ён.

Ксёндз Генрых Акалатовіч. Фота: catholic.by

Скончылася следства ў справе супраць ксяндза Генрыха Акалатовіча. Яго вінавацяць у здрадзе дзяржаве

навіны

«Спасылаючыся на словы кардынала Казіміра Свёнтка, якога таксама трымалі ў СІЗА КДБ, ксёндз адзначыў, што "святароў пераследуюць, каб закрыць нам раты, каб Каталіцкі Касцёл не казаў праўды"», – перадае рэсурс Katolik.life.


Ён распавёў, што ў матэрыялах справы ёсць нейкі тэкст на польскай мове, які быў няправільна перакладзены. Верагодна, гаворка пра ліст.


«Таксама згадваюцца эксперты з Міністэрства абароны, з чаго можна зрабіць выснову, што святару маглі інкрымінаваць нібыта перадачу нейкіх звестак на вайсковую тэматыку», – піша партал.


Акалатовіч быў святаром у Валожыне. Там недалёка ад касцёлу размешчаная вайсковая частка.


Паводле святара, справу супраць яго сфабрыкавалі ў тым ліку дзеля таго, каб пад выглядам «нанесенай шкоды» адабраць ахвяраванні, якія ў яго канфіскавалі, і запатрабаваць яшчэ большай сумы.


Таксама святара схілялі да правакацыяў супраць некаторых каталіцкіх іерархаў, але ён адмовіўся ў гэтым удзельнічаць, адзначае партал. Ксёндз Генрых падкрэслівае, што ганарыцца тым, што можа пацярпець за Каталіцкі Касцёл, за веру, за Бога і просіць у яго сілаў, каб да канца заставацца годным вучнем Хрыста.


Генрых Акалатовіч не мае магчымасці служыць імшу і яму нават не дазваляюць трапіць у малітоўную залу СІЗА, бо яна «не для яго» ды ўвесь час зачыненая.


У святара інваліднасць, хворае сэрца, гіпертанія, дыябет ды іншыя сурʼёзныя праблемы са здароўем, але яму не аказваюць неабходнай медычнай дапамогі. Неўзабаве яго маюць накіраваць у калонію ўзмоцненага рэжыму.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10