Беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч атрымаў прэстыжную Ляйпцыгскую літаратурную прэмію, а кніга Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?» ужо перакладзеная на сем еўрапейскіх моваў. Пра новыя вышыні беларускай літаратуры распавёў кнігавыдавец Андрэй Янушкевіч у эфіры праграмы «Раніца з "Белсатам"».
26 сакавіка Альгерд Бахарэвіч быў узнагароджаны Ляйпцыгскаю літаратурнаю прэміяй – «за ўнёсак у развіццё свабоды і дэмакратыі» ў творы «Сабакі Еўропы»: «Сабакі Еўропы сёння – гэта такая падзея ва ўсім нямецкамоўным свеце. І я вельмі спадзяюся, што ў вельмі-вельмі хуткім часе гэтая кніга заваюе і англійска-амерыканскі рынак», – дзеліцца Андрэй Янушкевіч, заснавальнік аднайменнага выдавецтва і ўладальнік крамы «Кнігаўка» ў Варшаве.

Альгерд Бахарэвіч, на думку Янушкевіча, – аўтар, які можа атрымаць Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры, як тое зрабіла ў 2015 годзе Святлана Алексіевіч:
,,«Алег Бахарэвіч варты гэтай прэміі. Вельмі хацелася б, каб аўтар, які піша на беларускай мове, займеў гэтую прэстыжную прэмію».
Аднак не Бахарэвічам адзіным сёння беларускамоўная літаратура набывае папулярнасць у свеце. Напрыклад, кніга Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?» ужо перакладзеная на сем еўрапейскіх моваў. І гэта толькі пачатак.
Магчыма, у будучыні сусветную папулярнасць набудуць кнігі маладога аўтара Аляксандра Чарнухі. Напрыклад, на прэзентацыю кнігі «Гвалт» у кнігарні «Кнігаўка» набілася поўна народу, каб паслухаць, як аўтар даследуе тэму гвалту ў самых розных яго праявах.

Але калі вы як чытач шукаеце чагось больш аптымістычнага і жыццесцвярджальнага, то адзін з найлепшых сродкаў тут – творы пра Гары Потэра. У лютым 2025 года па-беларуску выйшла ўжо чацвёртая кніга прыгодаў маладога чараўніка з Гогўартсу. Аднак праз палітычную сітуацыю ў нашай краіне і праз суўдзел Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны выданне твораў Джаўэн Роўлінг ледзь не было спыненае:
,,«Нам вельмі моцна дапамаглі нашыя калегі і сябры. І нам проста ўдалося пераканаць, што беларуская дзяржава і беларускае грамадства ды беларускія чытачы – гэта не адно і тое ж. Што нам вельмі патрэбна выпускаць «Гары Потэра», бо гэта, не пабаюся гэтых словаў, умацоўвае нашу ідэнтычнасць. Людзі проста ганарацца, што мы – беларусы. І што Гары Потэр выходзіць на беларускай мове. І гэта, так ці інакш, спрыяе перамозе дабра над злом, калі мы чытаем такія кнігі».

Кніга выйшла тыражом 3300 асобнікаў, што для выдання ў замежжы па-беларуску – немалы лік. Аднак Янушкевіч спадзяецца, што тыраж разыдзецца за год.
Пра тое, што кнігі па-беларуску сапраўды маюць попыт, на думку Янушкевіча, сведчыць выданне ў беларускім перакладзе самых папулярных у свеце кніг: «Мы робім стаўку на чытача: выдаваць кнігі, якія патрэбныя цяпер і будуць развіваць чытацкую аўдыторыю. Мы ўвесь час аналізуем, што адбываецца ў выдавецкім свеце, хочам трымацца ў топе. Выдаваць тыя кнігі, якія загучалі моцна. Апошняя кніга «Елаўфэйс» Рэбэкі Куанг – сусветны бестселер. Гэта зусім свежы бестселер. Яна ў Амерыцы выйшла толькі ў 2023 годзе».

Якасныя пераклады на беларускую мову – адная з асаблівасцяў выдавецтва «Янушкевіч», вакол якога за 10 гадоў склаўся добры калектыў перакладчыкаў. На яго рахунку, акрамя твораў Джаўэн Роўлінг, кнігі Джона Толкіна і Анджэя Сапкоўскага. А на падыходзе – творы Хорхэ Люіса Борхэса. Аднак, на вялікі жаль, не так проста атрымаць магчымасць выдаць сусветна вядомыя творы: «Чым далей краіна ад Беларусі, тым цяжэй дамаўляцца наконт правоў. Мы спрабавалі прабіцца ў адное японскае выдавецтва. Нават пісалі лісты па-японску, нам дапамагала нашая знаёмая з Японіі. Нам нічога не ўдалося. Быццам для Японіі Беларусь – нейкая нябачная зорачка. З Амерыкай, з ЗША такія праблемы таксама бываюць. А вось з Нямеччынай, з Польшчай і Чэхіяй усё адбываецца вельмі лёгка».
Які ж сусветны бестселер хацеў бы перакласці на беларускую Андрэй Янушкевіч? Адказ, магчыма, вас здзівіць:
,,«Я вельмі хацеў бы выдаць поўную версію «Дона Кіхота» Сэрвантэса. Гэта адная з вечных кніг сусветнай літаратуры. І вельмі часта «Дон Кіхот» называюць раманам нумар адзін усіх часоў і народаў. Вельмі хочацца, каб гэты твор загучаў вельмі прыгожа па-беларуску».
Размову з Андрэем Янушкевічам глядзіце цалкам:
А сёння ў Варшаве ў Музеі Вольнай Беларусі а 18-й гадзіне адбудзецца вялікая аўтарская сустрэча з Альгердам Бахарэвічам і Юліяй Цімафеевай.