Аляксандр Лукашэнка заклікае чыноўнікаў да дысцыпліны і парадку. Для гэтага ён падпісаў Дырэктыву № 11 аб удасканаленні функцыянавання сістэмы органаў улады і кіравання, узмацненні выканальніцкай дысцыпліны. Дакумент з'явіўся, бо чыноўнікі працуюць абы-як, і гэта вынік дзейнасці самога Лукашэнкі, сказаў «Белсату» намеснік кіраўніка НАУ Арцём Брухан. Даведаліся падрабязнасці дырэктывы.
Ізноў «жорсткі кантроль»
Адно з палажэнняў дакументу – не павінна быць умяшання дзяржаўных органаў і службовых асобаў у працу адно аднаго. Таксама «выключаецца фармаванне і функцыянаванне саветаў, камісіяў, групаў, іншых экспертных і кансультацыйна-дарадчых структураў, што падмяняюць дзяржаўныя органы». Нельга праводзіць і «неабгрунтаваных нарадаў», у тым ліку дыстанцыйна.
Стратэгічным заданнем у дакуменце называюць «дасягненне нулявой бюракратыі». Што гэта азначае, не тлумачыцца.
,,«Але чыноўнік – гэта ж роўна бюракратыя. То бок трэба звесці да нуля дзяржаўнае кіраванне, проста знішчыць. Меліся на ўвазе, напэўна, нейкія лішнія працэдуры», – кажа Арцём Брухан.
Таксама ў дакуменце гаворыцца пра неабходнасць забяспечваць законнасць, не дапускаць карупцыі і мноства падобных патрабаванняў, якія ўжо ёсць у іншых законах.
Акрамя таго, чыноўнікаў хочуць перавесці на сучасныя лічбавыя тэхналогіі, павысіць эфектыўнасць камандзіровак. Плануецца і «правядзенне абавязковай ацэнкі стану выканальніцкай дысцыпліны ў дзяржаўным органе». Гэта будзе ўлічвацца пры падаўжэнні кантракту чыноўнікам, іхнай атэстацыі, павышэнні і пры рашэнні аб выдачы дзяржаўных узнагародаў.
Памочнікі Лукашэнкі ў вобласцях маюць забяспечваць «жорсткі кантроль» выканання даручэнняў іхнага начальніка.
Нічога агульнага з дзяржаўным кіраваннем

На думку Арцёма Брухана, гэты дакумент – «помнік лукашысцкай сістэмы».
«Яна існуе 30 гадоў, і прымаюць такую дырэктыву, дзе прапісаны даволі зразумелыя рэчы», – кажа прадстаўнік НАУ, адзначаючы, што чыноўнікі і без дырэктывы мусілі ведаць базавыя рэчы з дакументу.
Ён звяртае ўвагу на дзіўныя фармулёўкі. Напрыклад, Савет Міністраў у дырэктыве называецца «эканамічным штабам».
«Савет Міністраў – гэта канстытуцыйны орган, але чамусьці ў дырэктыве гэта “эканамічны штаб”. Штаб каго, чаго? Цалкам незразумела. Я нават упэўнены, што ў гэтую дырэктыву сам Лукашэнка ўпісваў вось такія рэчы, якія адлюстроўваюць рэчаіснасць, але з заканадаўствам, дзяржаўнаю сістэмаю, дзяржаўным кіраўніцтвам гэта не мае нічога агульнага», – кажа Арцём Брухан.
Чым бліжэй да Лукашэнкі, тым больш дазволена
Тое, што дырэктыва прадугледжвае неўмяшальніцтва дзяржаўных органаў у працу адно аднаго, сведчыць пра нейкія працэсы ў сістэме, мяркуе суразмоўца.
,,«Навошта прапісваць тое, што і так зафіксавана ў Канстытуцыі, потым у палажэннях аб гэтых дзяржаўных органах, у законах? Адбываецца нешта іншае. Напрыклад, я ўпэўнены, што Качанава [старшыня Савету Рэспублікі. – Заўв. рэд.] можа сабе дазволіць патэлефанаваць у Саўмін і паспрабаваць “нарэзаць” нейкую задачу. Калі б гэта была нармальная сістэма, ёй бы сказалі: “Прабачце, у нас падзяленне ўладаў, вы займайцеся заканадаўствам, мы – выконваем”.
Але настолькі ўсё перакруцілася, што чым бліжэйшы да Лукашэнкі чалавек, тым больш ён можа ўмешвацца. Думаю, што ёсць разуменне ў межах гэтай сістэмы, што трэба нейкім чынам гэта спыніць. То бок будаваў-будаваў ён гэтую сістэму, а прыйшлі да таго, што няма кантролю. Няясна, як працуюць чыноўнікі – абы-як. І таму мы спрабуем прыняць такія дырэктывы, а там шмат рэчаў супярэчаць адно аднаму», – адзначае Арцём Брухан.
Што датычыць забароны ствараць экспертныя і кансультацыйныя камісіі, групы і гэтак далей, то гэта спроба прымусіць чыноўнікаў выканаць патрабаванне Лукашэнкі, каб тыя бралі на сябе адказнасць. Вядома, чыноўнікі супраціўляюцца, бо ў Беларусі адказнасць азначае верагоднасць сесці за краты за нейкае рашэнне.
«Нейкі старшыня райвыканкаму, перш як прыняць рашэнне, створыць камісію з 20–30 чалавек, каб рашэнне было калектыўнае, не было адказнасці», – дадае суразмоўца.
Згадка ў дакуменце пра неабходнасць пераходу на лічбавыя тэхналогіі і большую эфектыўнасць чыноўнікаў азначае, што сістэма шукае больш дасведчаныя кадры, і ўвогуле там назіраецца дэфіцыт кадраў, мяркуе Брухан. Калі чытаць дырэктыву «між радкоў», то шмат якія заклікі да дысцыпліны і парадку выдаюць італьянскі страйк сярод чыноўнікаў, мяркуе ён.
«З 2020 года, думаю, ён трывае. Навошта браць на сябе адказнасць? Потым да цябе прыйдзе і пракуратура, і КДК», – падводзіць рысу Арцём Брухан.
Арсен Рудэнка, Алесь Залеўскі, Вітаўт Сіўчык belsat.eu