Чыноўнікі расказалі, якімі яны бачаць школьныя выпускныя ў Беларусі. Паводле іх, галоўнае на свяце – не забавы, а тым больш не лімузіны, а ўспаміны і падзяка кіраўніцтву краіны.
У эфіры СТВ міністр адукацыі Андрэй Іванец адзначыў, што лімузінаў на школьных выпускных быць не можа – «гэтая псеўдатрадыцыя чужая нашай краіне». Паводле яго, ведамства стварыла спіс сцэнарыяў, што прапануюцца ўстановам агульнай сярэдняй адукацыі на выпускныя.
У сваю чаргу, намесніца старшыні Камітэту адукацыі Менгарвыканкаму Вольга Смірнова адзначыла, што паколькі выпускны вечар – гэта школьнае свята, то і святкаваць яго трэба ў школьных сценах.
,,«На гэтым школьным свяце асноўная ўвага мусіць быць нададзеная не шоу-праграмам, не забавам, а школьным успамінам. Таго, што запомніцца назаўжды, на ўсё жыццё. Вось гэта ўжо пазаўрочныя стасункі з педагогамі, з аднакласнікамі, творчыя выступы, на якія, магчыма, цягам навучальнага перыяду не ставала часу. Вось выпускны вечар і свята апошняга званка – гэта якраз тыя імпрэзы, калі дзеці могуць у творчай форме сказаць дзякуй адно аднаму, педагогам, роднай установе, кіраўніцтву ўстановы, кіраўніцтву гораду, кіраўніцтву краіны, якое надае такую вялікую пільную ўвагу навучанню і выхаванню маладога пакалення», – заявіла чыноўніца.
Нагадаем, што летась Аляксандр Лукашэнка патлумачыў, як трэба праводзіць выпускныя вечарыны ў Беларусі, і даручыў чыноўнікам узяць гэтае пытанне «жорстка на кантроль». Ён заявіў, што ніякіх лімузінаў на выпускным быць не можа, бо «гэта дрэнна».
Якуб Хруст belsat.eu