У цэнтры Масквы выбухнуў лімузін «Aurus Senat», на такіх жа аўтамабілях перасоўваюцца расейскі кіраўнік Уладзімір Пуцін і прадстаўнікі ўлады.
У сацыяльных сетках з'явіліся відэазапісы аўтамабіля, ахопленага полымем. Інцыдэнт адбыўся позна ўвечары ў пятніцу, 28 сакавіка. Паводле брытанскіх СМІ, гэта можа быць транспарт з фінансавага ўпраўлення Крамля. Дадатковыя пытанні наконт магчымых прычынаў здарэння выклікала тое, што аўтамабіль загарэўся побач з будынкам ФСБ на Лубянцы.
Невядома, хто быў у машыне ў момант выбуху. Паводле папярэдніх звестак, пацярпелых няма. На кадрах відаць, як полымя ахоплівае рухавік, а пасля распаўсюджваецца на салон.
Адзначаецца, што 72-гадовы Уладзімір Пуцін рэгулярна карыстаецца такімі лімузінамі і нават перадаваў іх у падарунак іншым аўтарытарным лідарам, у тым ліку Кім Чэн Ыну.
У некаторых медыях ужо выказваюцца меркаванні, што гэта мог быць замах на кіраўніка Крамля, але пацверджанняў гэтаму пакуль няма.
Раман Шавель belsat.eu