На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 2 красавіка была апублікаваная пастанова Савету Міністраў № 193 ад 1 красавіка, у якой зацвярджаецца памер службовага акладу амбасадара Беларусі ў Ватыкане.
Надоечы амбасадарам Беларусі пры Святым пасадзе быў прызначаны намеснік міністра замежных справаў, былы сталы прадстаўнік Беларусі пры ААН у Жэневе Юрый Амбразевіч. Як вынікае з пастановы, ягоны заробак складзе 3470 еўраў на месяц.
Заступаючы на пасаду, Амбразевіч заявіў, што ўлады Беларусі маюць намер палепшыць стасункі з Ватыканам.
Аклад Амбразевіча – сярэдні сярод беларускіх амбасадараў у розных краінах. Найбольш зарабляе амбасадар у Японіі – 4080 еўраў. Высокія аклады таксама ў прадстаўнікоў нашай краіны ў Сірыі і Венесуэле (3980 еўраў) і Швейцарыі (3910 еўраў). Самыя нізкія аклады – 2960 еўраў – у амбасадараў у Польшчы і Арменіі, крыху больш – 2990 еўраў – у Кыргызстане.
Марыя Міхалевіч belsat.eu