Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў «экстрэмісцкаю» кнігу «Выпадковы прэзідэнт», прысвечаную ранняй біяграфіі Аляксандра Лукашэнкі. Аўтары выдання – вядомыя журналісты Павел Шарамет і Святлана Калінкіна.
Кніга ўпершыню выйшла ў 2003 годзе і выклікала шырокі рэзананс. Яе аўтары былі асабіста знаёмыя з Лукашэнкам яшчэ да таго, як ён стаў кіраўніком дзяржавы, і спрабавалі прааналізаваць ягонае ўзвышэнне да ўлады, апісваючы гэта як «феномен». Выданне грунтуецца на дакументах, сведчаннях блізкіх да яго людзей, а таксама на асабістых назіраннях аўтараў.
Павел Шарамет – вядомы беларускі журналіст. У 1997 годзе ён быў затрыманы спецслужбамі Беларусі і асуджаны за «незаконны пераход мяжы». У 2000-х Шарамет жыў і працаваў у Маскве, а з 2011 года – ва Украіне.
20 ліпеня 2016 года ён загінуў у Кіеве ад выбуху аўтамабіля. Следства лічыць ягоную смерць забойствам, замоўцы якога дагэтуль афіцыйна не выяўленыя.
Святлана Калінкіна – беларуская журналістка, рэдактарка і аўтарка шэрагу журналісцкіх расследаванняў. Яна працавала ў шэрагу незалежных СМІ, у тым ліку ў газетах «Наша Ніва», «Белорусская деловая газета» і «Народная воля». Калінкіна вядомая сваімі крытычнымі публікацыямі пра ўладу Беларусі і шмат гадоў працуе ў варунках ціску і цэнзуры.
Кніга «Выпадковы прэзідэнт» дагэтуль шырока распаўсюджвалася ў інтэрнэце і высока ацэньвалася крытыкамі за важную спробу даследаваць вытокі сучаснага аўтарытарызму ў Беларусі.
Прызнанне выдання «экстрэмісцкім матэрыялам» азначае, што яго распаўсюд цяпер забаронены на тэрыторыі Беларусі. За захаванне або публічнае выкарыстанне гэтай кнігі могуць пагражаць адміністратыўныя або крымінальныя справы.
Надзея Вольная belsat.eu