Апеляцыйны суд Познані 28 сакавіка вынес пастанову ў справе двух грамадзянаў Беларусі. Пракуратура абвінавачвала іх у шпіёнскай дзейнасці на карысць беларускай вайсковай выведкі.
Апеляцыйны суд Познані вынес канчатковую пастанову ў гэтай справе, павялічыў пакаранне Андрэю Р. з трох да чатырох гадоў. А апраўданаму Дзмітрыю Н. ён скасаваў такое рашэнне і перадаў справу на новы разгляд у акруговы суд, паведамляе TVN24.
Суддзя адзначыў, што, «на думку Апеляцыйнага суда, падсудныя ўяўлялі сабой свайго кшталту выведчую групу, якая мусіла падрыхтаваць іх да іншых, больш сур'ёзных дыверсійных задачаў».
Ён падкрэсліў, што абвінавачаныя назіралі за палётамі вайсковых самалётаў, якія дастаўлялі дапамогу саюзнікаў Украіне праз Польшчу, а пасля затрымання ім дапамагалі спецслужбы. Усё гэта, паводле суддзі, патрабуе ўзмацнення пакарання.
Нагадаем, што ў 2024 годзе ў Познані суд вынес пастанову ў справе двух беларусаў. 51-гадовага Андрэя Р. і 57-гадовага Дзмітрыя Н. затрымалі красавіку 2022 года паводле падазрэння ў шпіянажы. Следства лічыла, што асноўнай мэтай іхнага прыезду ў Польшчу было назіраць за вайсковымі і цывільнымі аб’ектамі, якія маюць крытычна важнае значэнне для абараназдольнасці Польшчы.
Суд палічыў даказанай віну толькі аднаго з падсудных – Андрэя Р. Яму прысудзілі тры гады пазбаўлення волі, хаця дзяржаўны абвінаваўца запытваў пяць гадоў. Доказаў віны Дзмітрыя Н. суд не знайшоў і вынес апраўдальны вырак. У дачыненні беларуса таксама скасавалі паліцэйскі нагляд і абмежаванне на выезд.
Жонка асуджанага пасля ягонага арышту ў Польшчы звярталася ў КДБ з просьбай дапамагчы «аказаць максімальнае садзейнічанне» ейнаму мужу.
Якуб Хруст belsat.eu