навіны

Шэсць гадоў мінула з моманту забойства журналіста Паўла Шарамета

Павел Шарамет. (Фота: 24smi.org)
Павел Шарамет. (Фота: 24smi.org)
podpis źródła zdjęcia

20 ліпеня 2016 году ў Кіеве быў забіты Павел Шарамет.

20 ліпеня 2016 году ў Кіеве быў забіты Павел Шарамет. Калі журналіст раніцай ехаў на працу, спрацавала выбухоўка, якую заклалі ў аўтамабіль. Журналіст, якому на той момант было 45 гадоў, загінуў на месцы. Паліцыя ў Кіеве затрымала падазраваных, але суд пакуль не адбыўся.
Павел Шарамет. (Фота: 24smi.org)
Павел Шарамет. (Фота: 24smi.org)
Беларускі журналіст Павел Шарамет нарадзіўся і вырас у Менску. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў на гістарычны факультэт БДУ, аднак пасля трэцяга курсу перайшоў на факультэт міжнародных эканамічных стасункаў у БДЭУ. Для дыпломнай працы абраў «Афшорны бізнес».
Пасля вучобы працаваў у аддзеле валютных аперацый аднаго з банкаў і стаў журналістам цалкам выпадкова. Ён кансультаваў Беларускае тэлебачанне для эканамічных праграмаў, пісаў для журналістаў тэксты, бо тады яшчэ ніхто не разбіраўся ў міжнароднай эканоміцы. Неўзабаве стаў сам каментаваць і весці праграмы.
У 1994 годзе Шарамет становіцца аўтарам і вядоўцам штотыднёвай аналітычнай праграмы «Праспект» і ўжо ў наступным годзе быў уганараваны прэміяй беларускага ПЭН-цэнтру як найлепшы тэлежурналіст Беларусі.
Шарамет выступіў катэгарычна супраць рэферэндуму 1996 года, калі Лукашэнка змяніў нацыянальную беларускую сімволіку: герб Пагоню і бел-чырвона-белы сцяг. На знак пратэсту закрыў сваю праграму і сышоў з Беларускага тэлебачання.
Пасля гэтага ён узначальваў «Беларускую дзелавую газету». У 1996-м яго прызначылі загадчыкам беларускага бюро Грамадскага расейскага тэлебачання (ОРТ) і стаў уласным карэспандэнтам ОРТ у Беларусі, выступаючы супраць палітыкі Лукашэнкі.
Пасля паказу ў эфіры сюжэту аб кантрабандзе на беларуска-літоўскай мяжы ў ліпені 1997 году Паўла Шарамета асудзілі на два гады пазбаўлення волі ўмоўна і да аднаго году выпрабавальнага тэрміну. Некалькі месяцаў журналіст правёў за кратамі, пакуль яго не дэпартавалі ў Расею. У Маскве Шарамет працаваў карэспандэнтам і вядоўцам на тэлебачанні. Але пасля анексіі Крыму заявіў, што гэта «крывавая авантура і фатальная памылка расейскай палітыкі». Журналіст у выніку зʼехаў ва Украіну, дзе таксама працягнуў журналісцкую дзейнасць.
Пры гэтым Павел Шарамет заўсёды цікавіўся падзеямі ў Беларусі. З яго ініцыятывы паўстаў партал «Беларускі партызан» і сайт «Гістарычная праўда».
20 ліпеня 2016 года ў Кіеве на Паўла Шарамета ўчынілі замах. У аўта, якое належала грамадзянскай жонцы журналіста, заклалі бомбу. Ранкам, калі Павал ехаў на працу, адбыўся выбух. У выніку журналіст загінуў, яму было 45 гадоў.
Узарваная машына Паўла Шарамета. (Фота: graty.me)
Узарваная машына Паўла Шарамета. (Фота: graty.me)
Блізкія сябры журналіста паведамілі, што апошнім часам Шарамет і ягоная грамадзянская жонка заўважылі, што за імі сочаць невядомыя асобы.
Паўла Шарамета пахавалі ў Менску на Паўночных могілках. У Кіеве на месцы забойства ўсталявалі памятны знак.
Паліцыя ва Украіне затрымала падазраваных у забойстве. За кратамі да гэтага часу знаходзяцца Андрэй Антоненка, Яна Дугар і Юлія Кліменка. Але заказчыкі забойства да гэтага часу не знойдзеныя. Суд па справе забойства пакуль не адбыўся.
У пачатку студзеня летась бельгійскае выданне «EUObserver» апублікавала аўдыязапіс, прапанаваны былым супрацоўнікам беларускага спецатраду «Алмаз» Ігарам Макарам, які сведчыць пра тое, што Аляксандр Лукашэнка санкцыянаваў палітычныя забойствы сваіх апанентаў у Нямеччыне.
На запісе, датаваным красавіком 2012 года, Юрый Зайцаў, які на той момант быў кіраўніком КДБ, абмяркоўвае з двума супрацоўнікамі спецатраду «Алмаз» варыянты ліквідацыі былых супрацоўнікаў спецслужбаў Беларусі.
Таксама ў аўдыя згадваецца журналіст Павел Шарамет і спосаб яго забойства:


,,

«Вось па Шарамету трэба спрацаваць. Зробім закладку нейкую і гэтак далей, ад гэтага пацука ні рук, ні ног не збяруць. Прэзідэнт (Лукашэнка. – Belsat.eu.) чакае гэтых аперацый», – казаў Юрый Зайцаў.


Праўдзівасць аўдыязапісаў была пацверджаная даследаваннем пецярбургскай Крыміналістычнай лабараторыі аўдыявізуальных дакументаў.
У студзені 2021 года паліцыя Украіны дапытала ў Кіеве Ігара Макара з нагоды аўдыязапісу. Са словаў тагачаснага міністра ўнутраных справаў Арсена Авакава, інфарматар з Беларусі даў важныя паказанні аб забойстве журналіста і адзначыў, што матывам злачынства стала тое, што Шарамет быў «нязручным» чалавекам для беларускіх спецслужбаў.
Алена Аляксандрава belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10