навіны

Колькі беларусаў жыве ў Польшчы: афіцыйныя і неафіцыйныя звесткі

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: baj.media
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: baj.media
podpis źródła zdjęcia

Колькасць грамадзянаў Беларусі з афіцыйнымі дазволамі на пражыванне ў Польшчы дасягнула 143 тысяч, а агульная колькасць беларусаў у краіне можа перавышаць 350 тысяч. За апошнія пяць гадоў міграцыя беларусаў у Польшчы значна вырасла, асабліва пасля 2020 года. 

Для параўнання, у канцы 2023 года ў краіне пражывалі амаль 119 тысяч беларусаў з афіцыйным прававым статусам, а ў жніўні 2020 года – толькі 28 тысяч.

Колькасць беларусаў у Польшчы паводле тыпу дазволу на перабыванне:


  • часовы дазвол на жыхарства – 88 684
  • сталы дазвол на жыхарства – 42 378
  • дадатковая абарона – 8699
  • карта рэзідэнта ЕЗ – 1655
  • статус уцекача – 883
  • часовая абарона – 637
  • іншыя катэгорыі – 161


Большасць беларусаў атрымлівае права на часовае пражыванне праз працу (62 %). Яшчэ 17 % – паводле іншых абставінаў, 17 % – для ўз’яднання з сям’ёй, а толькі 4 % – для навучання.

Геаграфічна беларусы размеркаваныя нераўнамерна. Больш за ўсё іх у Мазавецкім (53 тыс., у тым ліку Варшава) і Падляскім ваяводстве (15 тыс., у тым ліку Беласток). Значная колькасць таксама жыве ў Паморскім (12 тыс.), Вялікапольскім (11 тыс.), Ніжнесілезскім (11 тыс.) і Малапольскім (10 тыс.) ваяводствах.

Сярод беларусаў з афіцыйнымі дазволамі 58 % – мужчыны, 42 % – жанчыны.

Дакладны агульны лік грамадзянаў Беларусі ў Польшчы падлічыць складана праз розныя катэгорыі дакументаў. Паводле ацэнак польскіх уладаў, у краіне можа быць больш за 350 000 беларусаў. З 2019 года беларусы – другая паводле колькасці група мігрантаў у Польшчы пасля ўкраінцаў.

Гэтыя лічбы пацвярджаюцца даследаваннем, праведзеным кракаўскім раённым дэпутатам Міколаем Касеем. Ён высветліў, што на пачатак 2025 года ў Польшчы зарэгістраваныя 348 тысяч асобаў з беларускімі імёнамі, што на 12 % больш, чым год таму. Сваё даследаванне Касей правёў на падставе звестак дзяржаўнага рэестру PESEL.

Метадалогія даследавання палягала на аналізе ананімных звестак з польскай базы насельніцтва. Некаторыя імёны, напрыклад, Aliaksandr, Siarhei, Dzmitry, адназначна вызначаліся як беларускія. Для імёнаў, што маглі належаць таксама ўкраінцам ці расейцам (напрыклад, Ivan, Ruslan, Andrei), выкарыстоўвалася прапарцыйная сістэма размеркавання.

За апошнія пяць гадоў беларуская эміграцыя ў Польшчу павялічылася на 287 тысяч асобаў, з найбольшым ростам у 2022 годзе, калі ў краіну пераехалі больш як 103 тысячы беларусаў. Сярод цяперашніх уладальнікаў беларускіх імёнаў 201,6 тысячы мужчын і 147 тысяч жанчын.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10