Папа Рымскі Францішак пасля працяглага кіслароднай тэрапіі вымушаны зноў вучыцца гаварыць, але ягоны агульны стан стабільны.
Як паведаміў кіраўнік дактрынальнага ведамства Ватыкану кардынал Віктар Мануэль Фэрнандэс, Папа адчувае сябе добра, нягледзячы на некаторыя ўскладненні пасля лячэння, піша «Reuters».
,,«Папа адчувае сябе вельмі добра, але высокі паток кіслароду высушвае ўсё. Яму трэба наноў навучыцца гаварыць, але ягоны агульны фізічны стан такі, як і раней», – перадае словы Фэрнандэса «Reuters».
88-гадовы пантыфік быў шпіталізаваны з двухбаковай пнеўманіяй. Апошні раз ягоны голас прагучаў 6 сакавіка ў кароткім аўдыязапісе: Папа гаварыў ціха і з цяжкасцю дыхаў.
У Ватыкане адзначылі, што ягоны стан стабільны, з нязначнымі паляпшэннямі дыхання і рухавасці. Яму больш не патрэбная механічная вентыляцыя лёгкіх, і ён атрымлівае кісларод праз невялікую трубку пад носам.
Калі Папа вернецца да звычайных абавязанняў у Ватыкане, пакуль невядома. Каментуючы пытанне пра магчымую адстаўку пантыфіка, кардынал Фэрнандэс заявіў, што не бачыць для гэтага падставаў.
Папа Рымскі сутыкнуўся з праблемамі дыхання яшчэ 9 лютага, калі скараціў сваю пропаведзь, спаслаўшыся на прыступ бранхіту. Пазней яго шпіталізавалі і выявілі двухбаковую пнеўманію. Камп’ютарная тамаграфія паказала складаную сітуацыю, што запатрабавала медыкаментознага лячэння.
1 сакавіка пантыфіка падключылі да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх праз пагаршэнне стану дыхальнай сістэмы. Але ўжо 19 сакавіка паведамілі, што ён больш не мае патрэбы ў такім узмацненні дыхання і ягоны стан паляпшаецца.
Раман Шавель belsat.eu