Сейм Латвіі ўводзіць абмежаванні для іншаземцаў, якія прыязджаюць у краіну, а таксама для сваіх грамадзян, якія выязджаюць у Расею і Беларусь. Так краіна змагаецца са шпіянажам.
Абмежаванні для тых, хто прыязджае ў краіну
Сейм Латвіі падтрымаў папраўкі да Закону «Аб дзяржаўнай мяжы», што прадугледжваюць патрабаванне для замежнікаў, у якіх няма выдадзенай у Латвіі візы або віду на жыхарства, падаваць перад уездам у краіну канкрэтныя звесткі пра сябе, піша «Delfi» са спасылкаю на агенцтва «LETA».
Грамадзяне трэціх краінаў, якія не маюць выдадзенай у Латвіі візы або віду на жыхарства, будуць абавязаныя за 48 гадзінаў да ўезду ў Латвію ўказаць мэту паездкі, меркаваны тэрмін перабывання, месца пражывання, маршрут перасоўвання і кантактную інфармацыю. Таксама спатрэбіцца інфармацыя пра сферу занятасці і пра тое, ці не прэтэндаваў канкрэтны іншаземец на выбарчую пасаду, ці не мае цяпер ці ў мінулым статусу дзяржаўнага або муніцыпальнага службоўцы. Трэба будзе падаць інфармацыю пра службу ва ўзброеных сілах, спецслужбах, пагранічнай ахове, мытні, установах унутраных справаў, юрыдычных або замежных (уключна дыпламатычных) ведамствах.
Гэты абавязанне плануецца ўвесці з верасня 2025 года. За непадаванне ці падаванне ілжывай інфармацыі можна атрымаць штраф да 2 тысячаў еўраў.
Абмежаванні для тых, хто выязджае з Латвіі
Сейм краіны таксама падтрымаў у першым чытанні законапраект «Аб абмежаванні захадаў, якія пагражаюць нацыянальнай бяспецы», што прадугледжвае забарону на паездкі ў Расею і Беларусь для работнікаў дзяржсферы Латвіі.
Сейм лічыць, што Расея і Беларусь усё больш узмацняюць захады выведкі супраць Латвіі і што для гэтай мэты для іх карысны кожны грамадзянін Латвіі, які перасек мяжу гэтых краінаў. Нягледзячы на дакладныя рэкамендацыі МЗС не ездзіць у Расею або Беларусь, колькасць тых, хто з'язджае, расце.
Забарона на паездкі ў гэтыя краіны, а таксама транзіт праз іх, хочуць распаўсюдзіць на наступныя катэгорыі латышоў:
– у якіх ёсць адмысловы дазвол на допуск да дзяржсакрэтаў,
– якія адказныя за бяспеку аб'ектаў крытычнай інфраструктуры,
– працаўнікоў міністэрства абароны, унутраных справаў і юстыцыі,
– работнікаў установаў, падпарадкаваных згаданым міністэрствам або міністрам, вайсковым аб'ектам, Бюро папярэджання і барацьбы з карупцыяй, падатковай і мытнай паліцыі,
– службовых асобаў мытных органаў і Службы дзяржаўных даходаў,
– працаўнікоў дыпламатычнай або консульскай службы,
– працаўнікоў судовых або пракурорскіх установаў.
У выпадку парушэння забароны працаўніка можа чакаць звальненне.
Для набыцця законапраектам моцы яго мусяць падтрымаць у другім і трэцім чытаннях.
Тэса Анэйда / belsat.eu