навіны

«Быў мокры да пояса». Мама зніклага каля Баранавічаў хлопчыка апавяла, што з ім здарылася

Крыніца: instagram.com / anna.liashevich.m
Крыніца: instagram.com / anna.liashevich.m
podpis źródła zdjęcia

У пятніцу ўвечары ў вёсцы Застарынне Баранавіцкага раёну знік школьнік. Яго шукалі ўсю ноч і ў выніку знайшлі выпадкова – змёрзлым у полі. Ягоная маці ў сацыяльных сетках апавяла, што з ім здарылася.

10-гадовы Стас быў у вёсцы ў бабулі, увечары паехаў катацца на ровары і не вярнуўся. Усю ноч яго шукалі валанцёры «Анёла», МНС і мясцовыя жыхары. Знайшлі толькі бліжэй да 9:00 дзякуючы мінаку.


«Што я адчула? Гэта такое пачуццё страху ў перамешку з безвыходнасцю, страхам невядомасці, гэта калі ў грудзях паліць, як пры інфаркце, гэта пачуццё бездапаможнасці, гэта пачуццё вечнага чакання і пачуцці «ўсё, мае нервы на мяжы», а яшчэ пачуццё бескарыснасці, бо ты нічым не дапаможаш, але сваймі страхамі і сумневамі перашкаджаеш працы сістэмы», – згадвае маці хлопчыка Ганна.


Ганна расказала, як знік і што перажыў зніклы сын. Аказалася, Стас проста пераблытаў права і лева ды ў выніку заблукаў.


«Калі Стас выязджаў на ровары з пляцоўкі, яму трэба было павярнуць налева, а ён павярнуў направа і паехаў у канец наступнай вёскі. Пяць кіламетраў ён праехаў прыкладна за 20 хвілінаў, у гэты час мая мама ездзіла па вёсцы і спрабавала яго знайсці, – апавяла маці хлопчыка. – Ніхто і падумаць не мог, што ён проста павярнуў у іншы бок, усе былі ў стрэсе. З кожнай пройдзенай гадзінай у мяне, шчыра кажучы, думкі былі не вельмі добрыя: было холадна, мінусавая тэмпература.На вуліцы ў той момант ужо сцямнела». 


Шукалі хлопчыка ўсю ноч, пакуль той быў у канаве пры мінусавой тэмпературы.


«За полем была вялікая гразевая лужына, ён у яе ўпаў і быў мокры да пояса. Ён выйшаў і засеў у канаву з сухою травою, паклаў ровар побач і вырашыў чакаць дапамогу. Ён пачаў крычаць «Дапамажыце, ратуйце!», але побач не было жылых дамоў, яго ніхто не чуў. Проста там ён пераначаваў, мокры і халодны», – кажа Ганна.


Калі прачнуўся, Стас ізноў пачаў клікаць на дапамогу. Гэтым разам яму пашанцавала: крыкі пачуў мясцовы рыбак, які ў суботу раніцаю пайшоў капаць чарвякоў.


Мужчына прынёс Стаса дадому, дзе яны разам з жонкаю пераапранулі яго ў цёплае адзенне, накармілі і паведамілі ў міліцыю пра знаходку.


Тэса Анэйда / belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10