навіны

Сотні хворых і нуль тлумачэнняў. Як улады Беларусі прагапілі і замаўчалі выбух гепатыту А

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: 1prof.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: 1prof.by
podpis źródła zdjęcia

Улады Беларусі не паведамілі грамадскасці пра сур’ёзны выбух гепатыту А, што адбыўся ў краіне ў 2024 годзе. Інфармацыя пра рэальныя маштабы праблемы стала вядомая выпадкова – дзякуючы дакладам беларускіх медыкаў на міжнародных канферэнцыях, але ніяк не праз афіцыйныя паведамленні Міністэрства аховы здароўя.

 

Як усё пачыналася

 

6 лютага 2024 года стала вядома, што ў Латвіі былі зафіксаваныя выпадкі гепатыту А ў грамадзянаў, якія прыехалі з Беларусі. Беларускае Міністэрства аховы здароўя маўчала яшчэ два дні, пакуль не прызнала самога факту праблемы – але і тады без канкрэтыкі ды статыстыкі.

Гепатыт А – небяспечнае інфекцыйнае захворванне, што перадаецца найперш праз заражаную ежу або ваду. У выпадку пагрозы шырокага распаўсюду віруса дзяржава мусіць праводзіць расследаванні, вызначаць крыніцу заражэння і папярэджваць насельніцтва. Але, як паказала сітуацыя, на ўсіх этапах адбылася поўная адмова ад эфектыўнай камунікацыі.

 

Што адбылося насамрэч

Як паведамляе ініцыятыва «Белыя халаты», сапраўдныя лічбы сталі вядомыя толькі ў верасні 2024 года з дакладу прафесаркі Тамары Амвросьевай на міжнародным кангрэсе. Яна паведаміла, што за паўгода захворвальнасць гепатытам А вырасла ў Беларусі ў 7,4 разу ў параўнанні з 2023 годам.

Але на гэтым адкрытасць скончылася. Дэталі расследавання пра паходжанне віруса можна было знайсці толькі ў навуковай публікацыі, падрыхтаванай да канферэнцыі маладых навукоўцаў у Санкт-Пецярбургу. У артыкуле гаварылася пра высокую імавернасць заражэння праз прадукты, імпартаваныя з краінаў Блізкага Усходу або Афрыкі. Праз інкубацыйны перыяд да 50 дзён вызначыць крыніцу інфекцыі практычна немагчыма. Пасля таго, як незалежныя СМІ звярнулі ўвагу на праблему, артыкул быў выдалены з адкрытага доступу.

 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: 1prof.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: 1prof.by

Сітуацыя на пачатак 2025 года

 

5–6 лютага 2025 года на чарговай навукова-практычнай канферэнцыі ў Санкт-Пецярбургу Амвросьева заявіла: у 2024 годзе колькасць выпадкаў гепатыту А вырасла ў 8,4 разу ў параўнанні з 2023 годам – з 0,89 да 7,48 выпадку на 100 тысяч насельніцтва. Хвароба закранула 56 адміністрацыйных рэгіёнаў Беларусі, што складае амаль траціну тэрыторыі краіны. Усяго захварэлі каля 680 асобаў.

Спачатку вірус перадаваўся харчовым шляхам, праз прадукты. А з вясны 2024 года пераважваць стаў ужо кантактна-побытавы шлях – людзі пачалі заражаць адно аднаго.

У 83 % выпадкаў хвароба праходзіла ў жоўцевай (цяжкой) форме. 98 % хворых не былі прышчэпленыя супраць гепатыту А.

Міністэрства аховы здароўя Беларусі не паведаміла грамадзянам пра выбух захворвання, не папярэдзіла пра небяспеку, не рэкамендавала захадаў прафілактыкі. Праблему абмяркоўвалі выключна на закрытых прафесійных форумах і ў навуковых артыкулах. Грамадзяне не мелі доступу да гэтай інфармацыі, не ведалі пра рызыку заражэння, не маглі своечасова прыняць захадаў засцярогі.

 

Як бы гэта адбывалася ў іншай краіне

 

У Нідэрландах, напрыклад, усяго 12 выпадкаў гепатыту А, зафіксаваных у лістападзе – снежні 2024 года, сталі падставаю для шырокай інфармацыйнай кампаніі. Ужо ў студзені 2025 года з продажу была адкліканая партыя замарожаных чарніцаў – выяўленай крыніцы заражэння. Былі аператыўна апавешчаныя ўсе пакупнікі, запушчаны механізмы стрымлівання інфекцыі.

Надзея Вольная / belsat.eu

 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10