навіны

Другі выпадак у гісторыі: выйшаў на свабоду беларус, які адбываў пажыццёвае зняволенне

Юрый Бяскроўны. Калаж «Нашай Нівы»
Юрый Бяскроўны. Калаж «Нашай Нівы»
podpis źródła zdjęcia

На пачатку нулявых жыхар Пружанаў Юрый Бяскроўны атрымаў пажыццёвае зняволенне за згвалтаванне дзвюх непаўнагадовых дзяўчын і забойства адной з іх. Суд прысудзіў яму пажыццёвае зняволенне, але цяпер ён выйшаў на волю. Чаму гэтак адбылося?

47-гадовы Юрый Бяскроўны правёў за кратамі большую частку жыцця, і нядаўна яго вызвалілі, піша «Наша ніва».


Што кажа заканадаўства?


Да 2001 года ў Беларусі ўвогуле не існавала пажыццёвага зняволення: паводле Крымінальнага кодэксу БССР максімальны тэрмін пазбаўлення волі складаў 15 гадоў. Апроч таго існавала і смяротнае пакаранне.


Новы Крымінальны кодэкс 2001 года дадаў новыя кары, 25 гадоў зняволення і пажыццёвае зняволенне. За наступны час назбіралася больш за 160 асобаў, якія атрымалі менавіта гэты пажыццёвы прысуд.


Беларускае заканадаўства пакідае шанец выйсці на волю праз 20 гадоў зняволення праз хадайніцтва: з улікам паводзінаў, стану здароўя і ўзросту. Могуць вырашыць, што трэба правесці за кратамі яшчэ нейкі час – да пяці гадоў, – а пасля можна будзе вызваліцца.


«Наша ніва» адзначае, што пакуль няма інфармацыі, што такое калісьці здаралася ў Беларусі. Але насамрэч гэта не першы такі выпадак: Аляксандр Бут-Гусаім у 1999 годзе атрымаў пажыццёвае зняволенне нібыта за забойства егера, але ў 2010 Вярхоўны Суд замяніў пакараннне на 20 гадоў няволі, а з улікам розных амністыяў – на 17 гадоў. У 2014 годзе яго перавялі на «хатнюю хімію», праз тры гады Бут-Гусаім памёр ва ўзросце 59 гадоў.



Падобны выпадак быў і Расеі: Анвар Масалімаў у 1990-я быў прысуджаны да расстрэлу, але праз увядзенне мараторыю яму спачатку замянілі пакаранне на пажыццёвае зняволенне, а пасля гуманізацыі заканадаўства адпусцілі праз 25 адседжаных гадоў. На свабодзе ён пратрымаўся два гады, а пасля парэзаў нажом сабутэльніка і вярнуўся ў турму.


За што сядзеў Бяскроўны?


У 2002 ці 2003 годзе Берасцейскі абласны суд прысудзіў яго да пажыццёвага тэрміну за забойства, спробу забойства і згвалтаванне. Але ўрэшце Вярхоўны Суд прыняў да ўвагі ягоную апеляцыю і змякчыў яму прысуд, замяніўшы яго на 25 гадоў зняволення.


У выніку Бяскроўны правёў за кратамі каля 23 гадоў. Яшчэ два гады яму скінулі праз амністыі, якія на пачатку стагоддзя прымяняліся амаль да ўсіх катэгорый злачынцаў, у тым ліку і да забойцаў. Апроч таго, час перабывання ў СІЗА мусілі пералічыць з разліку дзень за паўтара.


Што ўчыніў Бяскроўны?


У пружанскую міліцыю прыбегла 17-гадовая дзяўчына, якая сказала, што цудам уратавалася ад маньяка.Так жахлівая праўда выйшла вонкі.

Дзве непаўналетнія сяброўкі позна ўвечары вярталіся з дыскатэкі ў Пружанах у суседняе ўрочышча Пясчына. Побач спыніўся аўтамабіль: давайце падвязу. За стырном быў той самы Юрый Бяскроўны – 24-гадовы жыхар Пружанаў, якога ўдома чакалі жонка і маленькі сын.


Па дарозе Юрый заехаў у краму па віно з півам, а пасля прапанаваў прадоўжыць знаёмства каля возера. Бяскроўны палічыў, што перад ім прастытуткі. Калі апынулася, што гэта не так, ён раззлаваўся і вырашыў дабіцца свайго з дапамогай нажа.


Пакуль Бяскроўны гвалціў адну з дзяўчат, другая выбралася з машыны і схавалася ў кустах. Каб схаваць згвалтаванне, Юрый забіў першую дзяўчыну – 30 удараў нажом і каменем.


Пасля пачаў шукаць другую, але не заўважыў яе ў цемры. Ён вырашыў, што яна пабегла па дарозе ў горад і паехаў туды. Калі зразумеў, што памыліўся, то вярнуўся, але яна паспела схавацца больш надзейна. Маньяк да раніцы шукаў другую дзяўчыну, але так і не знайшоў.


Пад раніцу Бяскроўны закінуў труп першай дзяўчыны ў багажнік, адвёз яго далей у лес, кінуў у яму. Пасля чаго паехаў дадому, дзе яго адразу затрымалі.


Што кажуць сведкі з калоніі?


У адным атрадзе з ім апынуўся палітзняволены блогер «Vadimati» (Вадзім Ермашук), асуджаны за абразу Лукашэнкі і здзек з дзяржаўных сімвалаў. Ён падзяліўся з «Нашай нівай» сваімі ўражаннямі ад камунікацыі з Бяскроўным. Расповед Ермашука дапоўніў іншы зняволены Андрэй Маёраў (імя змененае), які быў асуджаны паводле эканамічнага артыкулу.


Абодва адзначаюць, што ўмовы ўтрымання забойцы і гвалтаўніка Бяскроўнага былі нашмат лепшыя, чым у палітвязняў. Адміністрацыя не пераводзіла яго ў нізкі статус, ён нават меў «прэстыжную» працу – стаў адказным за захоўванне і выдачу іншым вязням асабістых рэчаў у гаспадарчым атрадзе, а таксама выдаваў нажы.


«Як я зразумеў, ён атрымаў такую класную пасаду сваёй супрацай з мянтамі. Хадзіў як блатны. Усе хавалі інфу, што ён гвалтаўнік. Яго зэкі недалюблівалі, але асабліва таго не паказвалі, бо ён быў пад дахам», – кажа Ермашук.


Ён адзначае, што праз тое, што Бяскроўны сам моцна баяўся перайсці ў нізкі статус, ён надзвычай грэбліва ставіўся да такіх, як Вадзім:

«Калі я прыходзіў, ён пачынаў крычаць: «Ты, ідзі апошнім у чаргу!» Я ў адказ не маўчаў, і ён тады ішоў скардзіцца мянтам. Асноўны канфлікт у нас з ім здарыўся, калі я ў туалеце выкідваў смецце і не заўважыў, што ён ззаду, таму крыху зачапіў. І ён адразу мне: «Ты што, ты, б*я, сваё месца ведай». А я яму: «Слухай, за*упа, паглядзі на свой артыкул і потым вякай». Але ўсё так ці інакш даходзіла да адміністрацыі».


Сярод абавязкаў Бяскроўнага таксама была выдача зняволеным лістоў, якія прыйшлі ім з дому. Раніцай працаўнікі адміністрацыі аддавалі яму лісты, і ён раздаваў іх зняволеным па вяртанні з працы.


Маёраў расказвае, што неяк Бяскроўнага злавілі на тым, што ён у сваім пакоі чытае чужыя лісты і разглядае чужыя фотаздымкі – абсалютна недапушчальная рэч у калоніі, дзе кожны павінен дбаць аб прыватнасці іншага. Аднак адміністрацыя не пакарала яго за гэта.


«Ён быў за Расею, за Пуціна, за вайну. Пастаянна падтакваў навінам: «О, правільна Пуцін робіць!» – згадвае Ермашук.


Былы палітвязень перакананы, што Бяскроўнага падрыхтавалі шкодзіць палітычным, – у прыватнасці, ствараць умовы, каб тыя трапілі ў ШІЗА.


Напрыклад, Маёраў згадвае, што пасля пачатку вайны Бяскроўны склаў спіс тых, хто пачас прагляду навінаў публічна падтрымліваў Украіну і абураўся расейскай агрэсіяй, і перадаў яго адміністрацыі. Усе гэтыя людзі трапілі ў штрафны ізалятар. А ён працягнуў глядзець навіны і падтрымліваць Расею.


Тэса Анэйда / belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10