Польскае ўпраўленне па справах замежнікаў заявіла, што з сярэдзіны 2023 года расце колькасць заяваў аб прадстаўленні міжнароднай абароны ад грамадзянаў Украіны, асабліва мужчынаў. Аднак страх перад мабілізацыяй і выкананнем іншых грамадзянскіх абавязкаў не можа быць падставай для абароны, кажуць у ведамстве.
Цяпер усе грамадзяне Украіны, якія падаюць у Польшчы прашэнні аб прадстаўленні міжнароднай абароны, будуць праходзіць апытанне ва Упраўленні па справах замежнікаў, падчас якога будуць абавязаныя падрабязна растлумачыць прычыны свайго звароту.
Паводле ўпраўлення, украінцы і так ахопленыя ў Польшчы часовай абаронай і маюць доступ да рынку працы. Тым не менш, усё больш украінцаў звяртаюцца менавіта па міжнародную абарону, праз што павялічыўся тэрмін разгляду заяваў – цяпер ён складае каля 15 месяцаў.
,,«Па назіраннях і абставінах падачы заяваў можна зрабіць выснову, што значная частка заяўнікў разглядае працэдуру прадстаўлення міжнароднай абароны як хуткі спосаб легалізацыі знаходжання ў краіне», – кажуць ва Упраўленні па справах замежнікаў.
Ведамства таксама звяртае ўвагу на актыўнасць пасярэднікаў, якія пераконваюць, што міжнародная абарона – найлепшы шлях легалізацыі ў Польшчы. Але гэта – злоўжыванне, кажа польскі бок. Акрамя таго, у выпадку адмоўнага рашэння па МА, можа ўстаць пытанне аб законнасці знаходжання замежніка ў Польшчы, што ў некаторых выпадках можа прывесці да вяртання ў краіну паходжання.
Упраўленне па справах замежнікаў нагадвае, што большасць заяўнікаў – грамадзянаў Украіны – спасылаецца на абставіны, у дачыненні якіх ужо былі прынятыя адпаведныя рашэнні, якія забяспечваюць адэкватную абарону і дапамогу, таму такія прашэнні будуць разглядацца як неадпаведныя мэце прадстаўлення абароны.
,,«Вялікая частка заяўнікаў – гэта мужчыны, якія баяцца вайны і мабілізацыі на тэрыторыі Украіны. Трэба падкрэсліць, што страх перад мабілізацыяй і выкананнем іншых грамадзянскіх абавязкаў не з’яўляюцца падставамі для надання статусу ўцекача ці прадстаўлення дадатковай абароны», – заяўляе Упраўленне.
Заявы аб прадстаўленні міжнароднай абароны разглядаюцца індывідуальна на падставе ацэнкі інфармацыі аб бяспечнасці знаходжання ў розных рэгіёнах Украіны. Аднак Польшча прыйшла да высновы, што частка рэгіёнаў Украіны добра абароненая ад наступстваў вайны, там функцыянуюць усе дзяржслужбы, добра развітыя гандаль і паслугі, працуе транспарт, існуе свабода перасоўвання, зазначае ведамства.
У 2024 годзе ў Польшчы заявы аб міжнароднай абароне падалі 17 тысячаў замежнікаў. Сярод іх – 7 тысячаў украінцаў, 3,9 тысячаў беларусаў і 1 тысяча расейцаў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu