На тэрыторыі заводу «Гандальмаш» у Баранавічах усталявалі велізарную мясакрутку вышынёю 3,2 метра. Нестандартны арт-аб'ект прысвяцілі славутай прадукцыі прадпрыемства.
Як паведамляе выданне «Наш край», аўтарам скульптуры стаў вядомы фаніпальскі скульптар Уладзімір Канонік. Ідэя стварэння арт-аб’екту належыць працаўнікам заводу, якія захацелі ўвекавечыць славутую прадукцыю свайго прадпрыемства. Як адзначыў дырэктар «Гандальмашу» Сяргей Герасімчык, менавіта з мясакруткі пачалася гісторыя заводу:
«Мы доўга разважалі, які арт-аб’ект можа найбольш адлюстраваць наш шлях, і спыніліся на бытавой мясакрутцы. Напэўна, няма такой сям’і ў Беларусі, дзе не было б нашага вырабу. З моманту запуску вытворчасці мы выпусцілі больш за 3 мільёны мясакрутак. Таму яна заслужана лічыцца сімвалам "Гандальмашу"».
Канструкцыя зробленая з чорнага металу, пакрытага спецыяльнай фарбай, што абараняе яе ад уздзеяння надвор’я. Унутры скульптуры прадугледжанае падсвятленне, якое змяняе колеры ў цёмны час. Мае арт-абʼект і інтэрактыўныя элементы: ручку мясакруткі можна круціць, у выніку чаго ў рух прыходзяць махавік і рашотка.
Асаблівую ўвагу прыцягвае мышаня – герой мультфільму «Рататуй», якога аўтар размясціў на мясакрутцы. Новы арт-аб’ект ужо стаў гарадской адметнасцю – прыцягвае ўвагу мясцовых жыхароў і турыстаў.
Надзея Вольная belsat.eu