Роўна тры гады таму, 9 сакавіка 2022 года, быў сфармаваны батальён імя Кастуся Каліноўскага. Да гэтай даты ваяры выпусцілі адмысловае відэа. Словы падтрымання беларускім добраахвотнікам выказала дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская.
9 сакавіка 2022 года з беларускіх добраахвотнікаў быў сфармаваны батальён імя Кастуся Каліноўскага.
У траўні 2022 года батальён быў перафарматаваны ў полк.
«З таго часу падраздзяленне прайшло праз самыя гарачыя кропкі вайны. Дзясяткі ваяроў палка аддалі свае жыцці. Дзясяткі былі адзначаныя дзяржаўнымі ўзнагародамі. Барацьба працягваецца!» – гаворыцца на старонцы ваяроў палка Каліноўскага ў «X».
«Беспрэцэдэнтнай з’явай» назвала полк Каліноўскага беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская. У сваім акаўнце яна напісала, што ў беларусаў ёсць «шмат выбітных асобаў мінулых стагоддзяў, але беларускія добраахвотнікі паказалі: сёння ў Беларусі ёсць сучасныя героі».
,,«Беларусы там, дзе трэба быць. Мы не заўсёды ведаем іх у твар. Можам не знаць імёнаў. Але ад таго, што іх прозвішчы не крычаць з загалоўкаў, яны не перастаюць быць героямі. Мы памятаем тых, хто загінуў, і шануем іх адданасць і смеласць. Мы памятаем Міхаіла Жызнеўскага, «Брэста» і Машу Зайцаву. Памятаем «Тура» і тых, пра каго напісана толькі «Імя не раскрываюць»…» – напісала Святлана Ціханоўская.
У кароткім відэа, апублікаваным палком Каліноўскага, можна пабачыць некаторыя моманты барацьбы, якія ўжо сталі гістарычнымі, а таксама шмат якіх ваяроў, што аддалі жыццё за змаганне з ворагам.
Раман Шавель belsat.eu