Генеральная пракуратура Літвы дала дадатковую інфармацыю пра дваіх затрыманых надоечы літоўцаў, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Беларусі ў складзе арганізаванай групы.
Пракурор Артурас Урбяліс паведаміў, што затрыманыя мелі за сваю дзейнасць узнагароджанне «ад варожай дзяржавы». Паводле матэрыялаў справы, імаверныя шпіёны – сужыхары – мужчына і жанчына, абое старэйшыя за 40 гадоў, жывуць не ў Вільні. Яны самі прапанавалі беларускай вайсковай выведцы супрацу, а адзін з іх мэтанакіравана ўкараніўся ў Звяз стралкоў. Раней гэтыя асобы не былі вядомыя праваахоўным органам Літвы.
Як вызначыла следства, у траўні 2022 года абое абвінавачаныя ездзілі ў Менск, дзе праз пасярэдніка дамовіліся наконт кантактаў і далейшай супрацы з прадстаўнікамі вайсковых структураў Беларусі.
Шпіёнская дзейнасць пары літоўцаў была рознабаковая, за яе яны атрымлівалі ўзнагароджанне. Звесткі мужчына і жанчына збіралі ў Літве і Латвіі. І хоць у іх не было доступу да сакрэтнай інфармацыі, агулам сабраны матэрыял быў карысны для выведкі «варожых дзяржаваў, магчыма, для планавання дзеянняў ці аналітычных ацэнак», гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.
«Мы думаем, што паспяхова змаглі гэтаму перашкодзіць», – заявіў пракурор.
Урбяліс распавёў таксама пра памер узнагароджання, якое шпіёны атрымлівалі за сваю дзейнасць ад беларускага боку:
,,«Не скажу, што гаворка ідзе пра сотні тысячаў, але гэта і 100, і 500 еўраў – сумы былі розныя».
Поўную суму ўзнагароджання за ўсе заданні пракурор назваць адмовіўся.
Акрамя грашовых выплатаў, імаверныя шпіёны атрымлівалі і іншыя «бонусы»: падарункі, кампенсацыі за паездкі, аплату пражывання, бясплатнае наведванне аквапарку ў Друскінінкаі, квіткі ў тэатр, на оперу.
Пару затрымалі ў лістападзе 2023 года. 6 сакавіка крымінальная справа была перададзеная ў суд. Абое затрыманыя застаюцца пад вартай – суд прызначыў ім максімальна строгую меру стрымання – арышт. Паводле закону, ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu