навіны

Чаму ў Беларусі растуць заробкі, але няма каму працаваць

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Contributor/Getty Images
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Contributor/Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Заробкі ў Беларусі растуць – адзначаюць аналітыкі Еўразійскага банку развіцця. Гэтак, з улікам інфляцыі, рэальная зарплата сёлета павялічылася на 13,5 %.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Freepik
Вырасла колькасць беларусаў, якія з’язджаюць на заробкі. Большасць – у Расею навіны

Найбольшую прыбаўку атрымалі працаўнікі галінаў будаўніцтва, сельскай гаспадаркі ды гандлю. Аднак ёсць нюанс, каментуе Андрэй Махоўскі, вядоўца праграмы на YouTube-канале «Белорусы и рынок»: «Рост заробкаў звязаны з адной сур'ёзнай праблемай – дэфіцытам кадраў. Цяпер пачаўся абяцаны працэс павышэння заробкаў у бюджэтнай сферы – гэта стварае новы віток канкурэнцыі за працоўныя рэсурсы».

Сёння ў Беларусі не стае каля 190 тысяч працаўнікоў. Каб утрымаць кадры на месцах, прадпрыемствы вымушаныя прапаноўваць ім грашовыя бонусы. Аднак адчуць павышэнне беларусы не паспяваюць – жыццё ў краіне даражэе, як вынікае з інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

«У людзей больш грошай, яны больш грошай могуць заплаціць за тавары – значыцца, тавары ім можна прадаць даражэй. Інфляцыя з’ядае падвышэнне гэтых заробкаў: наколькі ў людзей выраслі гэтыя заробкі, настолькі больш яны вымушаныя плаціць у краме», – кажа ў размове з «Белсатам» эканаміст-міжнароднік Алесь Чайчыц.

Няпроста плаціць павышаныя заробкі і самім прадпрыемствам. Заходнія санкцыі і жорсткае дзяржаўнае рэгуляванне паралізуюць гандаль і абмяжоўваюць фінансавыя плыні, з якіх можна было б рабіць нечарговыя выплаты.

«Вялікая колькасць кампаніяў працуе сабе ў страту. Мы можам сутыкнуцца з тым, што наступны эканамічны крызіс выльецца не ў дэвальвацыю ці інфляцыю, а ў хвалю банкруцтваў», – каментуе Андрэй Махоўскі.

Цяжкім становішчам беларускіх прадпрыемстваў на мінулым тыдні заклапаціўся Лукашэнка. Ён загадаў змякчыць так званы мараторый на падвышэнне коштаў, што дзее ў краіне з 2022 года, і дазволіць шэрагу арганізацыяў вызначаць цэны паводле рынкавых законаў. Адпаведныя захады прапануюць да 1 красавіка. Аднак цешыцца змяншэнню рэгулявання не варта.

«Мы ўбачым рэзкі рост для ўсіх цэнаў, для ўсіх прадуктаў харчавання, для ўсіх харчовых тавараў. Прычым гэты рост будзе вельмі значным – інфляцыя будзе двухзначная», – прагназуе эканамістка Аліса Рыжычэнка.

Складанае становішча ў эканоміцы адлюстроўвае і рост банкаўскіх пазык. Паводле Нацбанку, цягам года нявыплаты за крэдыты павялічыліся на 5,7 млрд рублёў і дасягнулі 26 млрд рублёў. Асабліва вострая сітуацыя са спажывецкімі пазыкамі – сёлета беларусы не змаглі выплаціць банкам больш за 3 млрд рублёў.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10