2 сакавіка ў Лос-Анджэлесе прайшла цырымонія ўручэння прэміі Амерыканскай кінаакадэміі «Оскар». Галоўным пераможцам вечара сталася драма «Анора» рэжысёра Шона Бэйкера, якая заваявала пяць статуэтак, у тым ліку ў катэгорыях «Найлепшы фільм» і «Найлепшы рэжысёр».
«Анора» – безумоўны трыумф года
Фільм «Анора» расказвае гісторыю кахання стрыптызёркі і сына расейскага алігарха. У галоўных ролях зняліся Майкі Мэдысан, Юра Барысаў і Марк Эйдэльштэйн. Карціна атрымала «Оскар» у пяці катэгорыях: «Найлепшы фільм», «Найлепшы рэжысёр» (Шон Бэйкер), «Найлепшая жаночая роля» (Майкі Мэдысан), «Найлепшы арыгінальны сцэнар», «Найлепшы мантаж».
Шон Бэйкер увайшоў у гісторыю, атрымаўшы адразу чатыры статуэткі за адзін вечар: за рэжысуру, сцэнар, мантаж і як адзін з прадзюсараў найлепшага фільму.
У той жа час вядома, што лідарам паводле колькасці намінацыяў сталася крымінальная драма «Эмілья Пэрэс», яна была рэпрэзентаваная ў 13 катэгорыях, што сталася рэкордам для неангламоўных карцінаў. На другім месцы апынуліся «Бруталіст» і «Злая: Казка пра ведзьму Захаду» – па дзесяць намінацыяў кожная з карцінаў.
Сярод іншых прэтэндэнтаў на «Найлепшы фільм» былі такія працы, як «Бруталіст», «Боб Дылан: Нікому не вядомы», «Канклаў», «Дзюна: Частка другая», «Эмілья Пэрэс», «Я ўсё яшчэ тут», «Хлопцы з «Нікелю», «Субстанцыя», «Злая: Казка пра ведзьму Захаду».
Беларуска ў оскараносным фільме
Адну з роляў у фільме «Анора» атрымала беларуска Маша Жак. Дзяўчына заўсёды марыла здымацца ў кіно. Адмыслова дзеля гэтага яна дзесяць гадоў таму перабралася ў Злучаныя Штаты Амерыкі. Маша даўно працавала за камерай, у прадакшане, на здымачных пляцоўках. І вось ейны знаёмы прапанаваў Машу прадзюсарам новага праекту Шона Бэйкера як чалавека, які можа знайсці расейскамоўных актораў. Ужо падчас сазвону з Шонам яна прапанавала сябе ў якасці акторкі і ў выніку атрымала невялікую ролю адміністратаркі ў рэстаране.
«Калі мне пацвердзілі, што я ў касце, у мяне здарыўся выбух эмоцыяў. Я скакала па доме, плакала, не магла паверыць. Нават пасля здымак да апошняга чакала падвоху. Усё здавалася, што мяне выражуць з фільму», – адзначае Маша.
І вось у выніку дзяўчына апынулася на чырвонай дарожцы: «Зоркі, мітусня – для мяне гэта быў абсалютна новы досвед. Першы раз бачыла сябе на вялікім экране. Захапленне, мандраж – усё перамяшалася», – дзеліцца Маша Жак з «kyky_org».

Іншыя пераможцы «Оскара-2025»
- Найлепшы фільм на замежнай мове – «Я ўсё яшчэ тут»
- Найлепшы дакументальны фільм – «Няма іншай зямлі»
- Найлепшы анімацыйны фільм – «Плынь»
- Найлепшая мужчынская роля – Эйдрыен Броўдзі («Бруталіст»)
- Найлепшая жаночая роля другога плану – Зоўі Салдэна («Эмілья Пэрэс»)
- Найлепшая мужчынская роля другога плана – Кіран Калкін («Сапраўдны боль»)
- Найлепшая аператарская праца – «Бруталіст»
- Найлепшыя візуальныя эфекты – «Дзюна: Частка другая»
- Найлепшы гук – «Дзюна: Частка другая»
- Найлепшы саўндтрэк – Дэньел Блумбэрг («Бруталіст»)
- Найлепшая песня – «El Mal» («Эмілья Пэрэс»)
- Найлепшы дызайн – «Злая: Казка пра ведзьму Захаду»
- Найлепшы грым і прычоскі – «Субстанцыя»
- Найлепшыя касцюмы – «Злая: Казка пра ведзьму Захаду»

Абвяшчэнне намінантаў на «Оскар» двойчы пераносілі праз лясныя пажараў, што ахапілі Лос-Анджэлес у студзені. Падчас цырымоніі гучала шмат падзяк пажарнікам, якія змагаліся з агнём падчас бедства. Адна з групаў ратавальнікаў нават выйшла на сцэну.
Раман Шавель belsat.eu