У Нямеччыне абралі новых дэпутатаў Бундэстагу: 40 з іх не раскрылі сваёй прафесіі, назваўшыся проста «палітыкамі». А хто з прафесіі рэшта народных прадстаўнікоў у гэтай краіне?
Новы склад Бундэстагу Нямеччыны скараціўся да 630 дэпутатаў, гэта на 103 асобы менш, як у мінулым скліканні. Аднак, як адзначае «Bild», цікавасць выклікае не толькі памер парламенту, але і прафесійны склад удзельнікаў.
Найбольш распаўсюджаная прафесія сярод новых дэпутатаў – юрысты. Іх у Бундэстагу цяпер 118, хаця ў Нямеччыне доля прадстаўнікоў гэтай сферы складае ўсяго 0,6 % насельніцтва. Акрамя таго, у парламент абралі 52 эканамістаў, 36 палітолагаў, 25 настаўнікаў і 22 інжынераў.
У той жа час 40 дэпутатаў пазначылі сваю прафесію проста як «палітык», не ўдакладняючы ні адукацыі, ні працоўнага досведу. Сямёра дэпутатаў заявілі, што яшчэ навучаюцца ва ўніверсітэце.
Пры гэтым усяго 17 парламентароў рэпрэзентуюць рабочыя прафесіі, што значна ніжэй за іхную долю ў структуры насельніцтва краіны.
Таксама ў нямецкім парламенце ёсць 14 дактароў, 15 прадпрымальнікаў, 9 паліцыянтаў, 8 журналістаў, 5 фермераў і нават некалькі музыкаў.
Значная частка месцаў у Бундэстагу традыцыйна належыць мужчынам. Жанчыны атрымалі 204 мандаты, што складае 31,2 % ад агульнай колькасці.
Нагадаем, што датэрміновыя выбары ў нямецкі парламент прайшлі 23 лютага.
Раман Шавель belsat.eu