Лукашэнка думае, што ў Беларусі – «самыя нізкія цэны ў свеце». Кажа, каму нестае грошай, тым трэба больш працаваць, а каго не бяруць на працу, тыя кепска вучыліся ў школе.
Аляксандр Лукашэнка 28 лютага правёў нараду на тэму рэгулявання цэнаў. Ён выказаў упэўненасць, што рэгулявалі цэны нармальна, «вынік быў», хоць зрабілі не ўсё патрэбнае, былі скаргі з боку вытворцаў і прадаўцоў. Але ён прапанаваў увесці новую, «справядлівую» формулу рэгулявання цэнаў. Якую – сказаў прыдумаць чыноўнікам, даў ім гэта як «хатняе заданне».
Відэа прамовы апублікаваў ананімны Telegram-канал «Пул первого», які выконвае функцыі прэс-службы Лукашэнкі. На тым відэа ён кажа:
«Я не хачу сказаць, што тыя скаржнікі, якія звяртаюцца да мяне і ў адпаведныя органы, іх трэба абсалютна слухаць, і яны абсалютна маюць рацыю. Ды не, я зямны чалавек, я разумею, хто ў асноўным скардзіцца, што гэта за людзі. Я глыбей пачынаю глядзець».
,,«Але калі ў цябе сёння няма грошай, каб нешта купіць, а цэны ў нас самыя нізкія ў свеце, яны, можа быць, не задавальняюць усіх, яны ніколі не будуць задавальняць, але гэта самыя нізкія цэны ў свеце. Калі ты не можаш купіць, ну дык ідзі працуй, ідзі на другую, на трэцюю працу, шукай сабе працу. Калі цябе не бяруць, давай паглядзім, як ты ў школе вучыўся».
«Што ў цябе ў галаве ёсць? Патрэбны чалавек, які будзе даваць вынік. З гэтага пункту гледжання ўстань перад люстэркам, паглядзі на сябе, ці зможаш ты даваць гэты вынік. Вось такая непапулярная пазіцыя, але яна жыццёвая».
У Беларусі сапраўды даволі нізкія цэны паводле сусветных мерак. Вызначыць краіну з найменшымі ў свеце цэнамі няпроста, бо існуюць розныя метады падліку і няма адзінага агульнапрынятага. Ды відавочна, што ёсць краіны з цэнамі, ніжэйшымі за Беларусь.
Вялікі аналіз цэнаў рабіў у 2021 годзе Сусветны банк – Беларусь тады была на 174-м месцы са 189-ці. Ніжэй за Беларусь цэны былі ў Іране, Азербайджане, Грузіі, Украіне, Пакістане, Бутане, Сурынаме, Егіпце, Узбекістане, М’янме, Кыргызстане, Судане, Таджыкістане, Сірыі і Афганістане. На сайце «Numbeo», дзе карыстальнікі самі ацэньваюць кошт жыцця ў сваёй краіне, Беларусь на 2025 год стаіць на 123-м са 139-ці месцаў у свеце: ва Украіне, Узбекістане, Расеі і іншых краінах жыць усё яшчэ танней.
Пошук другой працы, каб зарабляць больш, можа не дапамагчы. У час, калі ўлады рапартуюць пра медыянны заробак Br 1792,2, сярэдняя абвестка на сайце пошуку працы дае прапануе толькі Br 1000. І гэта за поўную стаўку, да выліку падаткаў.
Алесь Наваборскі belsat.eu