Украіна і Злучаныя Штаты ўзгаднілі ўмовы здзелкі, што датычыць карысных выкапняў. Пра гэта паведамляе «Financial Times». Гарантыяў бяспекі ў ёй дагэтуль няма.
Як адзначае выданне, Кіеў цяпер гатовы падпісаць пагадненне аб сумеснай распрацоўцы сваіх мінеральных рэсурсаў, уключаючы нафту і газ, пасля таго як ЗША адмовіліся ад патрабаванняў аб праве на $ 500 млрд патэнцыйнага даходу ад распрацоўкі рэсурсаў.
У тэксце адсутнічаюць відавочныя гарантыі бяспекі, але чыноўнікі сцвярджаюць, што здолелі дамовіцца пра значна больш выгадныя ўмовы. Паводле іх, здзелка мае палепшыць і ўмацаваць стасункі з ЗША ва ўмовах вайны з Расеяй.
Канчатковая версія пагаднення, датаваная 24 лютага, прадугледжвае стварэнне Фонду, у які Украіна будзе ўносіць 50 % даходаў ад «будучай манетызацыі» дзяржаўных мінеральных рэсурсаў, уключаючы нафту і газ, а таксама спадарожнай лагістыкі. Фонд будзе інвеставаць у праекты ва Украіне. Бягучую дзейнасць «Нафтагазу» або «Укрнафты» ён не будзе ахопліваць.
Пры гэтым у пагадненні няма якойсьці спасылка на гарантыі бяспекі ЗША, на якіх першапачаткова настойваў Кіеў у абмен на згоду на здзелку. Таксама памер долі ЗША ў фондзе і ўмовы здзелак аб «сумесным валоданні» павінны быць урэгуляваныя ў наступных пагадненнях.
Украінскія чыноўнікі кажуць, што здзелку ўхвалілі міністры юстыцыі, эканомікі і замежных спраў. Паводле іх, яна можа быць падпісаная падчас візіту Зяленскага ў Вашынгтон у найбліжэйшыя тыдні. Яны адзначаюць, што гэты візіт стане шанцам «абмеркаваць агульную карціну» і «падумаць пра наступныя крокі».
Трамп спадзяваўся атрымаць ад Украіны ўгоду на здабычу выкапняў эквівалентам $ 500 млрд. Паводле Зяленскага, на Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы ЗША прапанавалі яму варыянт угоды, у якім Украіне не ўлічвалася абарона яе інтарэсаў. Паводле амерыканскіх медыяў, Штаты прапаноўвалі Украіне аддаць у амерыканскую ўласнасць 50 % украінскіх рэдказямельных металаў у абмен на працяг вайсковай дапамогі.
Увечары 19 лютага, пасля перамоваў ЗША з Расеяй у Саудаўскай Аравіі, Трамп заявіў, што Украіна «сарвала ўгоду». Ён атакаваў Зяленскага, назваўшы яго «дыктатарам», звінаваціў Украіну ў пачатку вайны супраць Расеі і фактычна запатрабаваў правесці ва Украіне выбары, каб дапусціць краіну да мірных перамоваў.
Трамп таксама назваў моцна завышаныя лічбы падтрымання Украіны Штатамі: казаў пра «300 з лішнім» мільярдаў дапамогі ад ЗША. На сайце ж Дзяржаўнага дэпартаменту 20 студзеня былі апублікаваныя такія лічбы: ЗША далі Украіне $ 69,2 млрд вайсковай дапамогі з пачатку расейскага ўварвання ў 2014 годзе, з гэтага $ 65,9 млрд – з пачатку поўнамаштабнай вайны. Разам з фінансавай і гуманітарнаю дапамогаю ЗША далі Украіне агулам каля $ 106 млрд.
Адкуль Трамп узяў 500 млрд, невядома. Амерыканскае выданне «Bloomberg» мяркуе, што Украіна не мае такіх запасаў карысных выкапняў, якіх хоча Трамп. Ды доступ да здабычы прапанавала сама Украіна: такая прапанова была ў Плане перамогі, які Зяленскі прэзентаваў яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў у ЗША. Супраць гэтага выступае Расея: просіць ЗША не «прадаваць» вайсковай дапамогі Украіне, а зусім не дапамагаць.
Пра доступ ЗША да карысных выкапняў Зяленскі раней казаў у інтэрв’ю турэцкай службе CNN гэтак: «Без гарантыяў бяспекі ўгода не будзе справядлівая. Калі мы хочам нешта даць, мы павінны нешта атрымаць узамен». І дадаў, што Украіна «гатовая да інвестыцыяў пры ўмове вызвалення акупаваных тэрыторыяў і абароны прыродных рэсурсаў», але не хоча быць «проста крыніцаю сыравіны».
Якуб Хруст belsat.eu