Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда пасля сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Доналдам Трампам заявіў, што амерыканская адміністрацыя не збіраецца змяншаць вайсковага кантынгенту ў Польшчы.
Дзесяціхвілінная сустрэча прэзідэнтаў адбылася 22 лютага ў кулуарах Канферэнцыі кансерватыўных палітычных дзеянняў (CPAC), дзе Анджэй Дуда стаў першым еўрапейскім лідарам, які асабіста паразмаўляў з Доналдам Трампам пасля ягонай другой інаўгурацыі.
Анджэй Дуда паведаміў, што Трамп не разглядае магчымасці змяншэння вайсковага кантынгенту ЗША ў Польшчы – наадварот, прэзідэнт ЗША нават дапускае яго павелічэнне. «Для мяне пасланне выразнае: ніякіх прычынаў для турботаў няма, прысутнасць ЗША ў Польшчы не будзе скарочаная. Наадварот, сувязі паміж нашымі краінамі будуць умацоўвацца», – сказаў Дуда журналістам.
Польскі лідар дадаў, што Трамп высока ацаніў абарончыя выдаткі Польшчы і закупы амерыканскай зброі. Ён таксама анансаваў, што прэзідэнт ЗША плануе наведаць Польшчу найбліжэйшымі месяцамі.
«Бяспека Польшчы ёсць фундаментальнаю справаю, у якую інвестуюць ЗША», – рэзюмаваў прэзідэнт Польшчы.
Таксама прэзідэнты ЗША і Польшчы закранулі пытанне перамоваў дзеля ўсталявання міру ва Украіне, перадае тэлеканал «Republika».
«Я рэпрэзентаваў яму сваю пазіцыю і нагадаў, што кіраўнік Расеі – афіцэр КДБ і гэта важна ўлічваць пры любых перамовах», – заявіў Дуда ў эфіры тэлеканалу. Ён падкрэсліў, што не можа быць і гаворкі пра перамогу Расеі і для гэтага патрэбная «рашучая палітыка» з боку ЗША.
Са словаў Дуды, Трамп неаднаразова заяўляў, што ён адзіны сусветны лідар, які можа дамагчыся міру. «Ён мне некалькі разоў паўтарыў, што мусіць весці перамовы і спыніць гэтую вайну, каб людзі перасталі паміраць і Украіна змагла вярнуцца да нармальнага жыцця», – адзначыў прэзідэнт Польшчы.
Раней Дуда звярнуўся да прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з заклікам «захоўваць спакой і працягваць канструктыўную супрацу» з адміністрацыяй Трампа, нягледзячы на рознагалоссі паміж двума лідарамі.
Раман Шавель belsat.eu