навіны

Польскія памежнікі – пра мяжу з Беларуссю: «Цяжкасцяў няма». У чарзе цяпер 75 аўтобусаў

img
Чарга аўтобусаў у Берасці на выезд у Польшчу. 5 чэрвеня 2025 года. Фота: granica_bypl / Telegram
podpis źródła zdjęcia

4 чэрвеня заўважна вырасла чарга ў Берасці на выезд у Польшчу. У Памежнай ахове суседняй краіны растлумачылі «Белсату», што гэта звязана з міграцыйным ціскам: службоўцаў скіроўваюць з пункту пропуску на гэтак званую зялёную мяжу, каб перадухіліць парушэнне мяжы. Цяпер жа, як сцвярджаюць у ведамстве, рух праз Тэрэспаль ідзе без цяжкасцяў. Пры гэтым чарга толькі павялічваецца.

У аўторак, 3 чэрвеня, у чарзе ў Берасці на выезд у Польшчу было максімальна 1230 легкавікоў і 7 аўтобусаў. На наступны дзень, паводле Дзяржаўнага памежнага камітэту, колькасць легкавікоў вырасла да 1500, аўтобусаў – да 40.


Напярэдадні, 5 чэрвеня, у чарзе налічылі ўжо 1755 аўтаў і 65 аўтобусаў. Пры гэтым беларускія памежнікі паведамілі, што «польскі бок перастаў прымаць аўтобусы».


Сёння колькасць легкавікоў у чарзе дасягнула 1780, аўтобусаў – 75.


Пры гэтым афіцыйны прадстаўнік Надбужанскага аддзелу Памежнай аховы Польшчы Дар'юш Сеніцкі заявіў «Белсату», што ў руху праз Тэрэспаль цяжкасцяў няма:

,,

«Цяпер рух на аўтамабільным памежным пераходзе ў Тэрэспалі праходзіць без цяжкасцяў».


Спікер таксама ўдакладніў, што за мінулыя два дні, 4 і 5 чэрвеня, павялічыўся міграцыйны ціск на гэтак званай зялёнай мяжы на поўнач ад Берасця, таму і пачаліся замінкі:


«Захады ў Тэрэспальскім аддзяленні прымаліся цягам двух дзён і былі звязаныя з пагрозаю нелегальнай міграцыі на зялёнай мяжы ў Бяльскім павеце».

Чытайце таксама:
Чарга ў Берасці перад памежным пераходам у бок Польшчы. 5 чэрвеня 2025 года. Фота: granica_bypl / Telegram

Памежная ахова Польшчы растлумачыла замінкі на мяжы: вінаватыя мігранты

Раней Сеніцкі тлумачыў «Белсату», што польская памежная служба вымушаная скіроўваць афіцэраў з пункту пропуску ў Тэрэспалі на ахову мяжы, каб перадухіліць парушэнні нерэгулярнымі мігрантамі, якія намагаюцца трапіць у суседнюю краіну з тэрыторыі Беларусі:


«Міграцыйны ціск на ўчастку мяжы з Беларуссю, што ахоўваецца памежным пунктам у Тэрэспалі, прыводзіць да перыядычнай неабходнасці перанакіравання часткі працаўнікоў на выкананне задачаў, звязаных з непасрэднаю аховаю зялёнай мяжы, што ёсць абсалютным прыярытэтам».


Суседнія з Беларуссю краіны ЕЗ абвінавачваюць цяперашнія ўлады ў Менску ў арганізацыі нерэгулярнай міграцыі. Аляксандр Лукашэнка раней казаў, што нібыта «Еўропа самая паклікала гэтых людзей» і адмаўляўся лавіць мігрантаў, якія парушаюць не толькі межы Польшчы, Літвы і Латвіі, але і беларускую мяжу.


Дар'я Форман, Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10