Паводле прагнозаў сіноптыкаў, 23 з 30 дзён чэрвеня ў Беларусі будзе ісці дождж. І пакуль усё выглядае менавіта так.
Учора, 6 чэрвеня, Беларусь ледзь не паплыла, быццам Венецыя, але ні ў пятніцу, ні ў выходныя паляпшэння чакаць не трэба: ізноў паводле прагнозу – залевы, град і пры гэтым дыхаць не будзе чым, бо паветра прагрэецца да + 30–32 °С.
Аранжавы ўзровень небяспекі праз навальніцы і залевы аб'яўлены ў Беларусі на пятніцу і суботу 6-7 чэрвеня, паведамляе Рэспубліканскі цэнтр гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Міністэрства прыроды Беларусі.
У суботу 7 чэрвеня будзе воблачна з праясненнямі. На большай частцы тэрыторыі пройдуць кароткачасовыя дажджы, у многіх раёнах магчымыя навальніцы. Удзень пры навальніцах у асобных раёнах чакаюцца залевы і град.
Уначы і раніцаю месцамі магчымы слабы туман. Вецер прагназуецца паўднёва-заходні і паўднёвы да 4–9 м/с, удзень пры навальніцах месцамі вельмі моцны – да 24 м/с.
Тэмпература паветра ўначы складзе 13–19 °С. Удзень будзе 23–29 °С, а ў паўднёва-ўсходніх раёнах чакаецца сапраўдная спёка – да 30–32 °С.
У нядзелю 8 чэрвеня будзе не нашмат лепш. Паводле прагнозу, уначы месцамі, а ўдзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы з навальніцамі. Удзень месцамі – залевы. Уначы і раніцай у асобных раёнах – слабы туман. Вецер умераны, але пры навальніцах парывісты і моцны парывісты. Тэмпература ўначы складзе + 12–19 °С, удзень – ад +20 °С на паўночным захадзе і захадзе да + 31 °С на паўднёвым усходзе.
Нагадаем: свой прагноз надвор’я для Беларусі «Белсат» наваражылі спецыялісты галіны – таролаг, астролаг і сіноптыкі. Пакуль найбліжэй была таролаг, якая казала праз залевы і град:
«Карта 8 Мячоў – карта застою, што можа казаць пра вельмі дажджлівы месяц. Такое бывае, калі ўвесь час ідзе дождж, і нават у паўзах – вільготнае паветра без ветру, якое не прыносіць палёгкі».
Тэса Анэйда / belsat.eu