Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў 14 лютага ў эфіры «NBC News» у праграме «Meet the Press», што Украіне будзе «вельмі, вельмі, вельмі цяжка» выжыць без вайсковага падтрымання ЗША, як цяпер, калі яна спрабуе адбіць уварванне Расеі, гэтак і ў будучыні пасля заканчэння вайны.
Зяленскі даў інтэрв’ю мадэратарцы «Meet the Press» Крыстэн Ўэлкер на палях Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы.
,,«Напэўна, гэта будзе вельмі, вельмі, вельмі цяжка. Вядома, ува ўсіх складаных сітуацыях у вас ёсць шанец. Але ў нас будзе мала шанцаў, мала шанцаў выжыць без падтрымання Злучаных Штатаў. Я думаю, гэта вельмі важна, крытычна», – сказаў украінскі лідар.
Зяленскі дадаў, што не хоча нават думаць, што ЗША і Украіна не будуць стратэгічнымі партнёрамі і давядзецца ваяваць супраць Расеі без амерыканскай дапамогі.
Паводле прэзідэнта Украіны, Уладзімір Пуцін хоча сесці за стол перамоваў не дзеля таго, каб спыніць вайну, а каб дамагчыся пагаднення пра спыненне агню, якое дапаможа зняць некаторыя міжнародныя санкцыі з Расеі і дазволіць расейскім вайскоўцам перагрупавацца.
На Мюнхенскай канферэнцыі віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Ды Вэнс раскрытыкаваў еўрапейскіх лідараў у шэрагу пытанняў, у тым ліку за тое, што яны не адстойвалі «каштоўнасцяў, агульных са Злучанымі Штатамі Амерыкі».
Прэзідэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер заявіў у адказ, што адміністрацыя Трампа «не паважае ўсталяваных правілаў, партнёрства і ўзрослага даверу».
Пашырэнне прорвы паміж Еўропай і Злучанымі Штатамі адбываецца ў асабліва далікатны час для Зяленскага і знясіленай Украіны, што мае вострую патрэбу ў зброі і салдатах, у той час як Расея кантралюе 20 % яе тэрыторыі, зазначае выданне.
Зяленскі сустрэўся ў Мюнхене з Джэй Ды Вэнсам. Бакі дамовіліся працягнуць працу над рыхтаваннем дакументу аб эканамічным партнёрстве. Кіраўнік Офісу Зяленскага Андрэй Ермак заявіў, што прэзідэнт Украіны гатовы сустрэцца з Пуціным, але тады, калі Украіна будзе гатовая да перамоваў, а такі момант яшчэ не настаў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu