Рада нацыянальнай бяспекі і абароны (РНБА) Украіны 12 лютага прыняла пастанову аб санкцыях супраць пятага прэзідэнта Украіны, дэпутата Вярхоўнай Рады і лідара партыі «Еўрапейская салідарнасць» Пятра Парашэнкі.
Пра санкцыі паведамляе «Українська правда» са спасылкай на свае крыніцы ў атачэнні Пятра Парашэнкі і РНБА. Крыніцы «РБК-Україна» адзначаюць, што новыя санкцыі РНБА скіраваныя, у прыватнасці, на прадстаўнікоў вялікага бізнесу, якіх раней было прынята называць алігархамі.
Дзейны прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвясціў пра санкцыі пасля паседжання Рады ў вячэрнім відэазвароце 12 лютага, не называючы прозвішчаў:
«Абараняем нашую дзяржаву і аднаўляем справядлівасць: кожны, хто знішчаў нацыянальную бяспеку Украіны і дапамагаў Расеі, – кожны мусіць адказваць. Мільярды, што былі заробленыя фактычна продажам Украіны, украінскіх інтарэсаў, украінскай бяспекі, мусяць быць заблакаваныя і мусяць працаваць на абарону Украіны і ўкраінцаў. І гэта будзе».
Парашэнка вінаваціць асабіста Зяленскага
Парашэнка ў відэазвароце ў «Facebook» назваў увядзенне санкцыяў «каласальным ударам па ўнутраным адзінстве», антыканстытуцыйным і палітычна матываваным.
,,«Але замоўца, выканаўца і падпісант адзін – асабіста Зяленскі. Толькі ўявіце, сёння замест таго, каб рыхтавацца да важных перамоваў з [Доналдам] Трампам, з міністрам фінансаў ЗША, з шэрагам сусветных лідараў на Мюнхенскай канферэнцыі, ён цэлы дзень займаўся санкцыямі супраць маёй сціплай асобы», – сказаў палітык.
Паводле яго, пад канец шостага года прэзідэнцтва «час рабіць справаздачу за сябе, а не валіць усё на папярэдніка». Парашэнка запэўніў, што «не здасца ў змаганні за еўрапейскую дэмакратычную Украіну» і заклікаў аб'ядноўвацца ў адзінстве перадусім вакол Збройных сілаў.
Абноўлена. 13 лютага на сайце прэзідэнта Украіны быў апублікаваны ўказ, паводле якога санкцыі ўводзяцца таксама супраць Ігара Каламойскага, Віктара Медведчука, Генадзя Багалюбава і Канстанціна Жэвагі. Яны ўведзеныя бестэрмінова і прадугледжваюць пазбаўленне дзяржаўных узнагародаў, блакаванне актываў, спыненне гандлёвых аперацыяў, транзіту, палётаў, вывядзення капіталу за мяжу, забарону на ўдзел у прыватызацыі ды іншыя захады.
Пятро Парашэнка выйграў прэзідэнцкія выбары ва Украіне ў 2014 годзе, пасля Рэвалюцыі годнасці і ва ўмовах акупацыі Расеяй Крыму і пачатку сепаратызму на Данбасе. З 2019 года Украінаю кіруе Уладзімір Зяленскі. Новыя выбары мусілі адбыцца ў 2024 года, але былі адкладзеныя ва ўмовах вайны з Расеяй. Новая адміністрацыя ЗША патрабуе ад Кіева іх правядзення пасля магчымага замірэння.
Якуб Хруст belsat.eu