Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін правялі тэлефонную размову, якая доўжылася 90 хвілін. Галоўнай тэмай перамоваў стала спыненне вайны ва Украіне. Адразу пасля размовы з Пуціным Трамп патэлефанаваў прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму.
«Мы абмеркавалі Украіну, Блізкі Усход, энергетыку, штучны інтэлект, уплыў долара і розныя іншыя тэмы», – паведаміў Трамп у Truth Social.
Амерыканскі прэзідэнт адзначыў, што ўжо даўно планаваў гэтую размову і што яе галоўнай мэтай з'яўляецца завяршэнне канфлікту.
«Мы дамовіліся працаваць разам, вельмі цесна, у тым ліку наведаць адзін аднаго. Таксама мы дамовіліся неадкладна пачаць перамовы, даручыўшы нашым камандам іх арганізацыю. Спачатку мы звяжамся з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, каб паведаміць яму пра нашую размову — гэтым я зоймуся прама зараз», – напісаў Трамп.
Ён таксама паведаміў, што прызначыў дзяржсакратара Марка Рубіа, саветніка па нацыянальнай бяспецы Майка Уолтца, спецпасланніка Стыва Уіткофа і дырэктара ЦРУ Джона Рэткліфа адказнымі за перамовы.Адразу пасля размовы з кіраўніком РФ Доналд Трамп патэлефанаваў Уладзіміру Зяленскаму.
Украінскі прэзідэнт раскрыў некаторыя дэталі гэтай размовы:
«Толькі што размаўляў з Дональдам Трампам. Доўгая размова. Пра магчымасці дасягнення міру. Пра нашу гатоўнасць працаваць разам на ўзроўні каманд. Пра нашы тэхналагічныя магчымасці, у тым ліку дроны і іншыя сучасныя вытворчасці. Удзячны Прэзідэнту Трампу за цікавасць да таго, што мы можам зрабіць разам», – паведаміў Зяленскі.
Украінскі прэзідэнт адзначыў, што падчас размовы Доналд Трамп перадаў яму падрабязнасці сваёй размовы з Уладзімірам Пуціным.
«Украіна больш за ўсіх хоча міру. Вызначаем нашы сумесныя з Амерыкай крокі, каб спыніць расійскую агрэсію і гарантаваць надзейны, працяглы мір. Як сказаў Прэзідэнт Трамп, let’s get it done. Дамовіліся пра далейшыя кантакты і сустрэчы», – напісаў Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.
Раман Шавель belsat.eu