Адразу пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 4 лютага генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед абвясціў журналістам аб працягу працы камісіі для «разгляду зваротаў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь у пытаннях учынення імі правапарушэнняў», якую ён узначальвае.
«Мы лічым, што яна робіць свой унёсак у вырашэнне шэрагу пытанняў», – заявіў Андрэй Швед.
Такую выснову зрабілі пасля ягонай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 4 лютага. Падчас гэтай сустрэчы апошні заявіў пра мэтазгоднасць захавання «камісіі для вяртання».
Паводле Шведа, камісія ўжо разгледзела 241 заяву, а 19 заяўнікаў ужо нібыта вярнуліся ў Беларусь.
Генеральны пракурор сцвярджае, што любы чалавек, які хоча вярнуцца, атрымае ад камісіі «аб’ектыўную інфармацыю», а «ўсе гарантыі, што вызначаны ўказам кіраўніка дзяржавы, безумоўна, будуць выкананыя».
На дадатак, Швед распавёў: амаль 40 асобаў ужо атрымалі тлумачэнні пра тое, што яны могуць спакойна вяртацца дадому, бо ў дзяржавы няма да іх аніякіх прэтэнзіяў.
Пры гэтым дакладна вядома пра выпадкі, калі пасля вяртання беларусаў на радзіму іх затрымлівалі ледзьве не адразу пасля перасячэнне мяжы з Беларуссю. Трэба адзначыць, што дакладна не вядомая колькасць тых, хто з затрыманых вяртаўся праз «камісію для вяртання».
Нагадаем, «камісія для вяртання» была створаная пасля нарады ў Лукашэнкі 24 студзеня 2023 года і прызначалася для працы з ахвочымі вярнуцца на радзіму людзьмі, якія «здзейснілі ў перыяд з 1 студзеня 2020 года да набыцця моцы дадзенага ўказу адміністратыўныя правапарушэнні або злачынствы пратэставай накіраванасці, асцерагаюцца вяртання ў краіну ў сувязі са сваёй магчымай датычнасцю да здзяйснення такіх правапарушэнняў, злачынстваў». Адпаведны ўказ Лукашэнка падпісаў 6 лютага таго ж года. 17 кастрычніка 2024-га сталася вядома, што паўнамоцтвы камісіі пашыраныя і цяпер яна можа разглядаць заявы асобаў, якія жывуць у Беларусі.
Пры падачы запыту на вяртанне ў Беларусь трэба «пакаяцца ў зробленым і праінфармаваць камісію пра гатовасць пасля вяртання публічна папрасіць прабачэння, пакрыць прычыненую шкоду, выконваць Канстытуцыю і заканадаўства Беларусі, паважаць дзяржаўныя сімвалы і нацыянальныя традыцыі, свядома і актыўна выконваць свой грамадзянскі абавязак».
Па выніках разгляду зваротаў грамадзянам абяцалі паведаміць пра наяўнасць або адсутнасць у дачыненні іх адміністратыўнага працэсу, пачатай крымінальнай справы, а таксама пра магчымасць іх спынення. Камісія мусіла прымаць пастановы шляхам галасавання. Далей камісія мелася разглядаць магчымасць вяртання асобы ў Беларусь. У выпадку станоўчага адказу гэта трэба зрабіць цягам трох месяцаў з моманту апавяшчэння. Інакш рашэнне камісіі страчвае моц.
Старшынём камісіі быў прызначаны генеральны пракурор Андрэй Швед. У яе склад увайшлі кіраўнікі сілавых ведамстваў, чыноўнікі, прапагандысты, старшыня хакейнай федэрацыі, прадстаўнік Акадэміі навук ды іншыя.

«Практычна ўсім удзельнікам гэтай камісіі самім бы пакаяцца перад беларускім народам. Пачынаючы з Баскава, якога абгрунтавана падазраюць у датычнасці да смерці Рамана Бандарэнкі, заканчваючы шэрагам прапагандыстаў, якія штодзень займаюцца распальваннем нянавісці і варожасці», – адзначала ў каментары «Белсату» юрыстка, дарадца Офісу Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр.
Нагадаем яшчэ, што праз некалькі месяцаў працы «камісіі для вяртання» кіберпартызаны атрымалі звесткі пра яе рэальныя вынікі.
Паводле іхнай інфармацыі, за пяць месяцаў існавання ў «камісію» звярнуліся толькі 16 чалавек, шэсць з іх – крымінальнікі, не звязаныя з палітыкай. З гэтых 16 заяваў ухвалілі толькі дзве: Філіпа Давыдава і маці Рамана Пратасевіча. У траўні 2023 года Андрэй Швед заяўляў, што такіх зваротаў да іх паступіла больш за 70. Сваім меркаваннем на гэты конт у жывым эфіры «Белсату» падзяліўся каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка:
«У нас няма магчымасці незалежна праверыць тыя дадзеныя, якія прадставілі кіберпартызаны, але па сваёй сутнасці “камісія для вяртання” была створаная не для сапраўднага вяртання простых беларусаў, тым больш палітычных, а з прапагандысцкай мэтай – прадэманстраваць перамогу рэжыму, што палітычны крызіс ужо нібыта скончаны, старонка перагорнутая, усе вяртаюцца назад, перапрашаюць і гатовыя працаваць на дабро Беларусі».
Эксперт падкрэслівае, што для таго каб «камісія для вяртання» рэальна запрацавала, людзям неабходныя зразумелыя юрыдычныя гарантыі. Але цяпер, відавочна, такое цяжка нават уявіць, ды і «камісія» да гэтага не імкнецца.
У сваю чаргу намеснік міністра ўнутраных справаў Генадзь Казакевіч у эфіры тэлеканалу СТВ распавёў, што сілавікі шукаюць амаль тысячу грамадзянаў Беларусі, якія цяпер жывуць за мяжой.
Надзея Вольная belsat.eu