навіны

Вынікі экзітполу ў Польшчы: Тшаскоўскі і Наўроцкі ідуць вельмі блізка

Агітацыйныя плакаты ў падтрыманне двух асноўных кандыдатаў на прэзідэнта Польшчы. Фота: Beata Zawrzel/NurPhoto via Getty Images
Агітацыйныя плакаты ў падтрыманне двух асноўных кандыдатаў на прэзідэнта Польшчы. Фота: Beata Zawrzel/NurPhoto via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

У Польшчы абвесцілі першыя вынікі экзітполаў на прэзідэнцкіх выбарах: у лідарах прадстаўнік Грамадзянскай кааліцыі Рафал Тшаскоўскі і былы ўраднік Караль Наўроцкі. Разрыў паміж імі вельмі малы. 

Згодна з вынікамі экзітполу «Ipsos» для тэлеканалаў TVP, TVN і «Polsat», Рафал Тшаскоўскі перамагае ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў. Кандыдат Грамадзянскай кааліцыі атрымаў найбольшае падтрыманне, крыху апярэдзіўшы свайго суперніка Караля Наўроцкага, прадстаўніка партыі «Закон і справядлівасць».

Паводле звестак экзітполу, Тшаскоўскі набраў 30,8 % галасоў, у той час як Караль Наўроцкі атрымаў 29,1 %.

На трэцім месцы апынуўся Славомір Мэнцэн з 15,4 % галасоў, што вышэй за ягоны рэйтынг у апошніх перадвыбарчых апытаннях.

18 траўня ў Польшчы праходзіў першы тур прэзідэнцкіх выбараў. Калі ніводзін з кандыдатаў на прэзідэнта Польшчы не набярэ ў першым туры больш за 50 % галасоў, 1 чэрвеня адбудзецца другі тур. У ім сустрэнуцца два ўдзельнікі з найбольшаю колькасцю галасоў. Новы кіраўнік дзяржавы павінен прынесці прысягу да 6 жніўня 2025 года – менавіта тады завяршаецца час на пасадзе дзейнага прэзідэнта Анджэя Дуды, які ўжо адпрацаваў два тэрміны і, згодна з Канстытуцыяй, не можа балатавацца зноў.

За прэзідэнцкае крэсла змагаліся 13 кандыдатаў. Сярод іх прадстаўнік Грамадзянскай кааліцыі Рафал Тшаскоўскі, былы ўраднік Караль Наўроцкі, якога падтрымлівае кіроўная партыя «Закон і справядлівасць», а таксама лідар ультраправых з «Канфедэрацыі» Славомір Мэнцэн. Ёсць і іншыя прэтэндэнты – як партыйныя, так і незалежныя, напрыклад, прадстаўнікі левага спектру Магдалена Беят і Адрыян Зандбэрг, а таксама Шыман Галоўня з руху «Польшча 2050».

Паводле апытання «United Surveys», праведзенага ў сярэдзіне траўня, лідарам гонкі быў Рафал Тшаскоўскі, якога падтрымлівалі 31,5 % выбарнікаў, хоць ягоны рэйтынг злёгку знізіўся. Другі радок займаў Караль Наўроцкі, які дэманстраваў рост і меў ужо 26,6%. Славомір Мэнцэн быў на трэцім месцы з 11,7 %. Калі выбары пяройдуць у другі тур і ў ім сутыкнуцца Тшаскоўскі з Наўроцкім, то прагнозы сведчылі пра перамогу Тшаскоўскага з вынікам 56,2 % супраць 43,8 % у ягонага канкурэнта.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10