У Ватыкане адбылася інтранізацыя Льва XIV – цырымонія ўваходу на пасаду кіраўніка Рымска-каталіцкай царквы. Ён атрымаў сімвалы папскай улады: папскі пярсцёнак і адмысловую стужку з воўны – палій.
Дзясяткі тысячаў людзей чакалі цырымоніі на плошчы Святога Пятра з ночы, на ўрачыстасці прыехалі 156 дэлегацыяў з усяго свету.
Злучаныя Штаты рэпрэзентавалі віцэ-прэзідэнт і дзяржсакратар, у Ватыкан таксама прыехалі прэзідэнты Украіны, Польшчы, Літвы, Ізраілю, прэм'ер-міністры Канады і Аўстраліі, канцлер Нямеччыны. Ад ЕЗ былі старшыні Еўракамісіі і Еўрапарламенту.

«Reuters» адзначае, што перад цырымоніяй віцэ-прэзідэнт ЗША Джэймз Дэйвід Вэнс паціснуў руку Уладзіміру Зяленскаму. Апошні раз яны сустракаліся ў лютым у Белым доме, дзе перад журналістамі і ўсім светам адбылася скандальная сварка.
Дэлегацыі пасадзілі паводле французскага алфавіту.
Перад пачаткам інтранізацыі папа Леў XIV аб'ехаў плошчу на аўтамабілі і павітаў вернікаў. Тыя скандавалі «Viva il Papa» і «Papa Leone».
«Мяне абралі без усялякіх заслугаў. Са страхам і трымценнем прыходжу да вас як брат, які жадае быць слугою вашай веры і вашай радасці, ідучы з вамі шляхам любові Бога, які жадае, каб усе мы былі з’яднаныя ў адную сям’ю. Любоў і еднасць – вось два вымярэнні місіі, якую Ісус даверыў Пятру», – сказаў Леў XIV падчас цырымоніі.
Пантыфік некалькі разоў сказаў пра адзінства і паабяцаў не быць аўтакратам:
,,«Гаворка не ідзе пра захоп іншых сілаю або рэлігійнаю прапагандаю. Наадварот, гэта заўсёды і толькі пытанне любові. Я хацеў бы, каб нашым першым вялікім жаданнем было стварэнне адзінага Касцёлу, што зробіцца пачаткам для замірэння свету».
Леў XIV афіцыйна заступіў на пасаду, калі атрымаў сімвалы ўлады: папскі пярсцёнак і палій – стужку з воўны.
Сцяпан Кубік belsat.eu