Падчас мемарыяльных падзеяў на тэрыторыі былога нямецкага нацысцкага канцэнтрацыйнага лагеру «Аўшвіц-Біркенаў» каля польскага гораду Асвенцім лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская паразмаўляла з кіраўніком амерыканскай дэлегацыі.
Кіраўніком амерыканскай дэлегацыі ад прэзідэнта ЗША падчас мемарыяльных падзеяў быў Чарлз Кушнэр. Святлана Ціханоўская паразмаўляла з ім і ягонай жонкай. Яны абмяняліся думкамі пра сітуацыю ў Беларусі, пра неабходнасць вызвалення палітвязняў і ўтрымання Беларусі ў цэнтры міжнароднай увагі, а таксама ў замежнай палітыцы ЗША.
Кушнэр расказаў, што ягоныя карані з Наваградку, ён іх шануе і раней неаднойчы наведваў Беларусь.
Чарлз Кушнэр – амерыканскі забудоўнік і былы юрыст. У 2024 годзе прэзідэнт Доналд Трамп анансаваў яго прызначэнне на пасаду амбасадара ЗША ў Францыі падчас сваёй другой кадэнцыі.
Сын нарадзінцаў Беларусі, Чарлз Кушнэр ёсць бацькам Джэрэда Кушнэра, мужа Іванкі Трамп, дачкі прэзідэнта ЗША. У 2017–2021 гадах Джэрэд займаў пасаду старэйшага дарадца свайго цесця.
Якуб Хруст belsat.eu