27 студзеня 1945 года Чырвоная армія ўвайшла на тэрыторыю нямецкага нацысцкага канцэнтрацыйнага лагеру «Аўшвіц – Біркенаў» каля польскага гораду Асвенцым. Свет скалануўся ад таго, што ўбачыў, і ад усведамлення, да чаго можа дайсці чалавек. Праз 80 гадоў на тэрыторыі былой «фабрыкі смерці», якая стала месцам памяці, сабраліся 56 ацалелых, а таксама дэлегацыі з 61 краіны свету.
У гэты дзень у Асвенцыме знаходзілася таксама карэспандэнтка «Белсату», аўтарка гэтага матэрыялу. Для яе знаходжанне на тэрыторыі лагеру – асабістая гісторыя, бо ейны дзядуля быў адным з тых, хто выжыў у Аўшвіцы. Далей журналістка распавядае ад першай асобы пра ўрачыстасці да 80-й гадавіны вызвалення і ўласныя ўражанні ад іх.
«У 16 гадоў забралі з Украіны на прымусовую працу»
Асвенцым сустрэў сонечным і даволі цёплым для канца студзеня паранкам. Пакуль мы ехалі да лагеру, на месца правядзення ўрачыстасцяў, я не магла не думаць пра тое, што 82 гады таму, у 1943 годзе сюды прыехаў мой дзядуля. Праўда, не ў такіх выгодных умовах, як я, а ў таварным вагоне. Магчыма, тады было гэтак жа сонечна. Дзядуля не распавядаў такіх падрабязнасцяў. Ён увогуле не любіў размаўляць на гэтую тэму.

Я шмат разоў спрабавала распытваць яго. Мне хацелася дэталяў. А дзядуля адказваў вельмі агульна, і паўтараў, што гэта быў невыносна цяжкі час, што ён не ведаў, як, але выжыў, таму навошта цяпер гэта ўсё згадваць – трэба жыць, колькі дадзена.
Дзядулю прывезлі ў Асвенцым з ягонай роднай вёсцы ва Украіне. Забралі на прымусовыя працы, калі яму споўнілася 16 гадоў. У лагеры давялося будаваць баракі. Акрамя таго, яго вывозілі за тэрыторыю на мясцовыя прадпрыемствы. Ён не раз казаў, што ягоны лёс быў не такі страшны, як многіх і многіх вязняў, якіх чакала смерць. Хоць, там ніхто не мог быць упэўнены, што і яго аднойчы не заб’юць.
Дзядуля застаўся ў лагеры да дня вызвалення. Маладых і здаровых нацысты імкнуліся вывезці загадзя, да наступу савецкіх войскаў. Чаму пакінулі дзядулю, я ўжо не даведаюся. Калі лагер вызвалілі, яму было 17 гадоў, праз тыдзень споўнілася 18. Пра дзень вызвалення ён распавядаў, што самых слабых і хворых савецкія жаўнеры вывозілі на аўтамабілях, тыя, хто мог ісці, ішлі самі. Дзядуля разам з сябрам пайшлі пешшу да Кракава. Было шмат снегу, стаяў моцны мароз – зусім не так, як сёлета, праз 80 гадоў. У дзядулі быў лёгкі і кепскі абутак, аднак ён ішоў. Тады ён назаўжды пакінуў гэтае страшнае месца і ніколі ў яго не вяртаўся. Нават калі запрашалі на гадавіны вызвалення, ён адмаўляўся. Ён пайшоў з жыцця на 93-м годзе.
«Нас – меншасць: тых, хто прайшоў пазітыўную селекцыю»
На 80-ю гадавіну вызвалення ў Аўшвіц прыехалі 56 ацалелых вязняў. Усе ў вельмі паважным узросце. Шмат хто з іх не мог перасоўвацца без дапамогі ці без кійкоў. Яны глядзелі засяроджана і з сумам, у вачах некаторых былі слёзы.

У Аўшвіцу таксама сабраліся першыя асобы многіх краінаў свету. Упершыню прыехаў кароль Вялікай Брытаніі Карл ІІІ. Аднак усе яны маўчалі і слухалі тых, хто перажыў самую страшную трагедыю чалавецтва ў ХХ стагоддзі.
98-гадовы Мар’ян Турскі, сябра Міжнароднай рады Асвенцыму, падышоў да трыбуны з двума кійкамі і з дапамогай апякункі.
«Медыі звяртаюцца да нас, ацалелых, каб мы падзяліліся сваімі ўспамінамі. Але нас – меншасць: тых, хто ў свой час прайшоў пазітыўную селекцыю, – пачаў прамову былы вязень. – А тых, хто дачакаўся волі – засталася горстка. Таму нашыя думкі павінны быць скіраваныя да большасці – тых мільёнаў ахвяраў, якія ніколі не скажуць нам, што перажывалі, што адчувалі, таму што іх знішчылі».
Мар’ян Турскі заклікаў прысутных да хвіліны маўчання, а напрыканцы прамовы – да мірнага суседскага жыцця розных нацыяў і этнічных групаў, а таксама да таго, каб ужо сёння прадбачыць, да чаго нашыя дзеянні прывядуць заўтра і праз некалькі гадоў.

«Гэта была не проста турма, а сапраўдная «фабрыка смерці»
За спадаром Турскім да трыбуны выйшла Яніна Іваньска – невысокая 95-гадовая жанчына з кароткімі сівымі валасамі. Яна казала пра тое, як змяняўся лагер ад пачатку яго заснавання.
«Спачатку гэта была турма для палітычных вязняў, незадаволеных акупацыйнымі ўладамі. Перадусім сюды звозілі палякаў – дарослых мужчынаў. Калі ў Польшчы забаранілі аб’яднанні, пачалі арыштоўваць хлопцаў-скаўтаў 16 – 20 гадоў, – распавядала жанчына. – У 1941 годзе ў лагер прывезлі савецкіх ваеннапалонных. Яны будавалі новыя баракі, а яшчэ на іх выпрабоўвалі газ, каб вызначыць, які больш паспяхова забівае людзей».
Увосень 1942 года пачалі будаваць газавыя камеры, а таксама прывозіць у лагер жанчын:
«У красавіку 1943 года газавыя камеры і крэматорыі ўжо былі гатовыя. З таго моманту гэта была ўжо не проста турма, а сапраўдная фабрыка смерці. Пачалі масава забіваць людзей».
У тым жа годзе стварылі асобны сямейны лагер для прадстаўнікоў рома і сінці. У ім размяшчалі сем’ямі, бо сумна вядомаму доктару Менгеле былі патрэбныя дзеці для вопытаў.

«3 жніўня 1944 года ў цыганскім лагеры было 4 тысячы ромаў і сінці. Уначы на 4 жніўня іх усіх вывезлі ў газавыя камеры і на наступны дзень не было ўжо ніводнага. Менгеле скончыў свае вопыты, і матэрыял ужо не быў яму патрэбны».
Яніна Іваньска трапіла ў Аўшвіц 12 жніўня 1944 года. Перад самым вызваленнем жанчыну вывезлі ў іншы лагер. Яна апынулася на волі толькі 2 траўня 1945 года.
«Калі скончылася вайна, у свеце запанавала эйфарыя. Усе лічылі, што цяпер будзе толькі мір. Але былі і тыя, што прадбачылі, што ўсё можа паўтарыцца, – казала ацалелая і працытавала эсе польскага пісьменніка. – Жыхары Еўропы мусяць навучыцца лепш прадбачыць наступствы сваіх учынкаў. Я думаю пра моладзь. Вайна і хаос могуць распачацца паўсюль, і ўцякаць не будзе куды і навошта».

«Вочы маці прасілі мяне – не плач, вытрымай»
87-гадовая Това Фрыдма усё жыццё лічыць 27 студзеня днём свайго нараджэння, а некаторыя ейныя сябры нават не ведаюць, што ў яе ёсць іншая дата народзінаў. Тове было 5,5 гадоў, калі яна трапіла ў Аўшвіц. Жанчына добра памятае дарогу туды: «Нас завялі ў вагон для жывёлаў – асобна мужчын, асобна жанчын. Тады я ўпершыню бачыла, як плакаў мой тата – яго выслалі ў Дахаў, а мы з маці трапілі ў Аўшвіц. Памятаю голад, смагу, як я перапужаная трымала маму за руку ў тым цёмным вагоне. Гэта цягнулася гадзіны. Памятаю адчайны крык жанчын, іхныя малітвы. Гэта пранікала ў маю душу і пераследуе мяне да сённяшняга дня».
Аднойчы Тову біў ахоўнік за тое, што яна не стаяла спакойна: «Я паглядзела ў вочы маці, яны ў маўчанні прасілі мяне – не плач, вытрымай. І я не заплакала. Памятаю, што падумала тады – ніколі не дам ім даведацца, як моцна яны мяне крыўдзяць».
А пазней Това глядзела, як маленькія дзяўчынкі басанож ішлі па снезе ў газавую камеру і задавалася пытаннем, ці не будзе ейны барак наступным.

«Я думала, што мы ўсе памром, што калі ты – габрэйскае дзіця, то табе трэба памерці», – казала жанчына.
Напрыканцы выступу Това зазначыла, што праз 80 гадоў свет зноў у крызісе, а антысемітызм падымае галаву, і нашая задача зноў – змагацца за больш гуманны і справядлівы свет.
«Стаўцеся сур’ёзна да таго, што кажуць ворагі дэмакратыі»
Пра небяспеку адраджэння нацысцкай ідэалогіі казаў яшчэ адзін ацалелы – 99-гадовы Леон Вайнтраўб. У Аўшвіцы былі закатаваныя ў газавай камеры і спаленыя ў крэматорыі ягоныя маці і сястра.
Леон уратаваўся, але з лагеру выйшаў хворым на плямісты тыф, доўга лячыўся. Потым сам атрымаў медычную адукацыю. Працаваў у Польшчы, потым эміграваў у Швецыю.

Музей запрасіў Ціханоўскую і Латушку
Пасля прамоваў ацалелых прадстаўнікі розных рэлігіяў – іудаізму, хрысціянства (каталіцкай, праваслаўнай, пратэстанцкай канфесіяў), ісламу прачыталі супольную малітву. Пасля яе былыя вязні і прадстаўнікі дэлегацыяў ад розных краінаў усклалі знічы да вагону, які стаіць пад уваходнай брамай на тэрыторыю лагеру.
Ацалелыя падыходзілі павольна, шмат хто з іх – з падтрымкай валанцёраў. Некаторыя нахіляліся ў паклоне, некаторыя – проста глядзелі і маўчалі, хтосьці жагнаўся, іншыя – разам са знічамі клалі каменьчыкі па габрэйскай традыцыі. Сівая жанчына, якая прынесла апошні зніч, расплакалася і стаяла некаторы час, прыціснуўшы галаву да грудзей апякункі.
«Звяртаюся асабліва да моладзі – будзьце чуйнымі і ўважлівымі. Стаўцеся сур’ёзна да таго, што кажуць ворагі дэмакратыі. Не паўтарайце памылак 1930-х гадоў, калі не верылі нацыстам, ігнаравалі іхныя намеры стварыць дзяржаву, вольную ад габрэяў, ромаў і сінці, хворых – іх лічылі нявартымі жыцця, – казаў Леон. - <…> Штогод у парламентах ідуць дыскусіі аб абмежаваннях усіх выдаткаў, акрамя аднаго – на ўзбраенне. А мірнае суседства нічога не каштавала б. Уявіце, як шмат добрага можна было б зрабіць за гэтыя грошы».

Урокі Аўшвіцу датычаць не толькі габрэяў
Прадстаўнік Сусветнага кангрэсу габрэяў Рональд Лаўдэр пачаў выступ са словаў Романа Кэнта: “Не хочам, каб нашае мінулае стала будучыняй нашых дзяцей». Лаўдэр казаў пра ўзрост нянавісці да габрэяў у сучасным свеце, пра дэманстрацыі з анытсеміцкімі лозунгамі. Прыгадаў таксама напад «Хамасу» на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года:
«15 месяцаў таму мы зноў бачылі, як забіваюць габрэйскіх дзяцей і зноў таму, што яны проста нарадзіліся габрэямі. Тое, што здарылася ў Аўшвіцы, і 7 кастрычніка 2023 года, аб’ядноўвае нянавісць да габрэяў. <…> Сёння зноў стыгматызуюць габрэйскіх студэнтаў, выкладчыкі губляюць працу, дзецям загадваюць хаваць сваю ідэнтычнасць».
Лаўдэр заклкаў не быць абыякавымі, бо менавіта праз маўчанне і абыякавасць іншых дзяржаваў адбыўся Аўшвіц:
,,«Калі Гітлер пачуў цішу пасля Крыштальнай ночы, ён зразумеў, што можа зрабіць з габрэямі што хоча. Сусветныя лідары не сказалі нічога. <…> Але ўрокі Аўшвіцу датычаць не толькі габрэяў, тут забівалі і людзей іншых нацыянальнасцяў».
Наступнымі ішлі прадстаўнікі дэлегацыяў дзяржаваў: прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, кароль Вялікай Брытаніі Карл ІІІ, прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, канцлер Нямеччыны Олаф Шольц і шмат іншых.
Ва ўрачыстасцях па запрашэнні музею «Аўшвіц-Біркенаў» прыняла дэлегацыя ад беларускіх дэмакратычных сілаў: лідарка дэмсіл Святлана Ціханоўская, ейны намеснік Павел Латушка, старэйшы дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка, дарадца па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі. На ўскладанні знічоў яны, аднак, не прысутнічалі.
Прадстаўнікоў афіцыйнай беларускай улады, гэтак жа, які Расеі, сёлета ў Асвенцым не запрашалі. Расейскія дыпламаты пракаментавалі гэта заявай, што няма сэнсу прысутнічаць на мерапрыемстве, «дзе ніхто не будзе згадваць пра тое, хто вызваляў канцлагер і Еўропу».
Мы з’язджалі з Асвенцыму ўвечары, калі навокал ужо было цёмна. Я думала пра тое, што яшчэ вярнуся, бо Асвенцым – гэта і маё месца памяці. Гэта тая кропка, дзе гісторыя перасяклася з лёсам маёй сям’і, летапіс якой мог абарвацца тут 80 – 83 гады таму. А яшчэ прывязу некалі сюды сваіх дзяцей, бо памяць і ўрокі Аўшвіцу трэба захаваць у пакаленнях.

У Аўшвіцы было 6 тысяч беларусаў
«Аўшвіц-Біркенаў» – нямецкі нацысцкі канцэнтрацыйны лагер, найбольш вядомы сімвал Халакосту і месца генацыду ў свеце. Ён быў створаны нямецкімі нацысцкімі ўладамі на ўскрайку гораду Асвенцым, які пасля анэксіі Польшчы Трэцім Рэйхам быў пераназваны ў Аўшвіц, у 1940 годзе.
У Аўшвіц былі дэпартаваныя як мінімум 1,3 мільёнаў чалавек – прадстаўнікоў больш чым 20 нацыянальнасцяў. Загінулі як найменш 1,1 мільёнаў чалавек.
Сярод 25 тысяч чалавек розных нацыянальнасцяў былі чэхі – каля 9 тысячаў чалавек, беларусы – 6 тысяч чалавек, немцы – 4 тысячы, французы – 4 тысячы, расейцы – 1,5 тысячаў, былі таксама славенцы, харваты, сербы, украінцы і іншыя нацыянальнасці.
Лагер «Аўшвіц-Біркенаў» быў вызвалены жаўнерамі Чырвонай арміі 27 студзеня 1945 года. На той момант там заставалася каля 7 тысяч вязняў, з іх каля 750 – дзеці і падлеткі. Савецкія салдаты знайшлі таксама 600 целаў памерлых.
Астатніх эсэсаўцы загадзя вывезлі з лагеру. Падчас той эвакуацыі, якую назвалі «маршамі смерці», шмат вязняў былі забітыя, іншыя – памерлі ад знясілення, галаду ці проста замерзлі.
У 1947 годзе на месцы лагера паўстаў музей «Аўшвіц – Біркенаў». У 2005 годзе дата 27 студзеня была вызначаная ААН як Міжнародны дзень памяці ахвяраў Халакосту.
Кацярына Моцная belsat.eu