навіны

Менчука будуць судзіць за арганізацыю фіктыўнага адпрацоўвання

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Белта
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Белта
podpis źródła zdjęcia

За фіктыўнае працаўладкаванне выпускнікоў-бюджэтнікаў беларускіх ВНУ будуць судзіць 39-цігадовага менчука. Працоўныя месцы ён даваў толькі на паперы, за што цяпер пагражае крымінальная справа.

«Студэнты планавалі пазбегнуць размеркавання. А ў выпадку неадпрацоўкі – кампенсацыі ў бюджэт сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на іх падрыхтаванне. У выніку такіх супрацьпраўных дзеянняў нанесеная шкода ў памеры звыш 200 тысяч рублёў», – распавёў начальнік упраўлення Генеральнай пракуратуры Беларусі Дзмітрый Брылёў.

Сёння выпускнік-бюджэтнік мусіць адпрацаваць два гады. А тыя, хто адвучыўся праз мэтавае скіраванне, не менш за пяць гадоў. Аднак маладыя спецыялісты неахвотна пагаджаюцца на прапанаваныя дзяржаваю вакансіі. Найперш праз нізкія заробкі і жыллёвыя ўмовы.

Адтэрмінаваць размеркаванне можна навучаннем у магістратуры. Чым скарысталася нашая суразмоўца Паліна Бурко. Паралельна дзяўчына спрабавала самастойна працаўладкавацца. Але ёй паўсюль адмаўлялі з палітычных прычынаў: у 2020-м Паліна брала ўдзел у пратэстах. Каб пазбегнуць пераследу, дзяўчына пастанавіла пакінуць краіну і не размяркоўвацца наагул.


«Знаёмыя з майго актывісцкага кола прапанавалі ідэю, каб сабраць грошы праз краўдфандынг і выплаціць універсітэту», – узгадвае выпускніца беларускага ўніверсітэту Паліна Бурко.

Абавязковае размеркаванне пасля ВНУ захавалі ў Беларусі яшчэ з савецкага часу. Сёння нашая краіна адзіная ў Еўропе, дзе гэтая практыка існуе. Такім чынам улады спрабуюць развязаць кадравую праблему, замацаваўшы спецыялістаў на першых працоўных месцах.

У прыязнай Лукашэнку Расеі абавязковае размеркаванне прапаноўвалі вярнуць у 2023 годзе, але Дзярждума законапраекту не падтрымала. Між іншага дэпутаты паставілі пад сумнеў, што дырэктыўна-камандным чынам можна развязаць праблемы занятасці.

,,

«Прымусовае размеркаванне не развязвае кадравую праблему, а нават пагаршае яе. Бо маладыя спецыялісты, адпрацаваўшы гэтыя два гады на сваім працоўным месцы, усё яшчэ абіраюць сысці з гэтага працоўнага месца, з гэтай мінімальнай заработнай платы і знайсці больш прывабнае для сябе месца працы», – разважае прадстаўніца Аб‘яднанага пераходнага кабінету ў пытаннях моладзі Маргарыта Ворыхава. 


Аднак ад савецкай спадчыны размеркавання пасля ВНУ ўлады Беларусі, падобна, адмаўляцца не збіраюцца. Больш за тое, у 2023 годзе Лукашэнка прапанаваў павялічыць тэрмін адпрацоўвання да пяці гадоў.

Тады ж міністр адукацыі Андрэй Іванец заяўляў і пра абавязковую адпрацоўку для студэнтаў платнай формы навучання. Аднак зменаў дасюль не ўкаранілі – маўляў, трэба спачатку правесці шырокае грамадскае абмеркаванне.

,,

«Яны паспрабуюць усё ж такі прымусіць моладзь застацца. І таму яны вельмі баяцца рабіць такія больш стратэгічна вялікія крокі, як падвышэнне гэтых тэрмінаў і прымусовае размеркаванне таксама і платнікаў. Бо яны бачаць лічбы, што ім прыносяць з іхных аналітычных цэнтраў пра масавую эміграцыю моладзі», – тлумачыць Маргарыта Ворыхава.


Новыя захады, каб утрымаць выпускнікоў пасля адпрацоўвання, прапанаваў Камітэт дзяржаўнага кантролю. Чыноўнікі плануюць увесці адказнасць для наймальнікаў за цякучку кадраў і звальненні маладых спецыялістаў. Гэта вынікае з дакументу, што днямі апублікавалі «Кіберпартызаны».

Больш у нашым сюжэце:




Ірына Юрʼева belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10