Кіраўнік МУС Іван Кубракоў заявіў, што мінулыя «выбары» аказаліся «самымі спакойнымі» ў параўнанні з папярэднімі кампаніямі. Палітычны аналітык Вадзім Мажэйка растлумачыў «Белсату», чаму так сталася, і запэўніў: гэта не назаўжды.
«Такіх спакойных выбараў, выбарчай кампаніі ў Рэспубліцы Беларусь не было. Гэта заслуга ўсіх нашых грамадзянаў. Карыстаючыся нагодаю, хачу падзякаваць за законапаслухмяныя паводзіны», – заявіў міністр унутраных справаў Іван Кубракоў у справаздачы пра тое, што аніякіх парушэнняў грамадскага парадку «не зафіксавана».
Палітычны аналітык Вадзім Мажэйка ў каментары «Белсату» назваў такую «цішыню ды супакой» вынікам стаўлення ўладаў да выбараў і агулам палітычнага жыцця ў краіне:
«Быццам выбары мусяць быць чымсьці спакойным, удзелу людзей у палітыцы, грамадскіх праяваў быць не мусіць. Калі ў выбарчым працэсе настолькі няма палітыкі, то, адпаведна, няма ў чым браць удзелу. Не хочацца пратэставаць супраць таго, што скралі галасы тых мільёнаў людзей, якія галасавалі за Сыранкова. Гэта нават гучыць парадаксальна. Калі няма палітыкі і няма выбараў, то так, няма асаблівай нагоды для пратэстаў».
Адначасова людзі напужаныя рэпрэсіямі, што не сціхаюць з мінулых выбараў ужо пяць гадоў, і «цудоўна разумеюць, што за любы ўдзел у палітычным жыцці і за грамадска-палітычную пазіцыю пакараюць».
Мажэйка пры гэтым упэўнены: прага беларусаў да свабоды нікуды не падзелася, і пры наступнай нагодзе гэта абавязкова праявіцца.
«Мы бачылі, як гэта было ў 2020 годзе, калі пачынаецца рэальны палітычны працэс з палітычнай канкурэнцыяй, з вераю, што можна нешта памяняць, то ў самым ціхім і спакойным, здавалася б, грамадстве так вось абуджаецца гэтая воля да свабоды і прага самім вызначаць усё ў сваім жыцці. І адпаведна, гэта нікуды не знікла», – сказаў аналітык.
Паводле яго, дэманстрацыі могуць ізноў пачацца ў Беларусі, калі людзі пабачаць, дзеля чаго пратэставаць:
,,«Цяпер жа палітычнага жыцця фактычна ўнутры Беларусі проста няма. То і не дзіва, што да канкурэнцыі Сыранкова і Гайдукевіча, мякка кажучы, няма вялікай грамадскай цікаўнасці. Тут і без рэпрэсіяў і запужвання ўвогуле не надта вялікі інтарэс да такой імітацыі».
Мажэйка падсумаваў, што хоць кампанія і была для ўладаў «самай спакойнай», грамадства вынікі «выбараў» не прызнае:
«Для ўлады праблема, што палітычных наступстваў не будзе, і ніякай большай легітымацыі Лукашэнкі ані ў грамадстве, ані ў міжнароднай супольнасці ад такіх выбараў здарыцца не можа».
Цэнтрвыбаркам сцвярджае, што 70-гадовы Лукашэнка, які кіруе Беларуссю 30 гадоў, атрымаў 86,82 % галасоў. Шмат якія заходнія краіны загадзя не прызналі гэтых «выбараў», назваўшы іх фікцыяй і фарсам і заявіўшы, што яны не маглі быць свабоднымі і справядлівымі.
Сцяпан Кубік belsat.eu