навіны

Не сувенір. Вячорка расказаў, што будзе з пашпартам Новай Беларусі і што ён дасць

Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка з пашпартам Новай Беларусі падчас форуму «Беларусы годныя лепшага»
Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка з пашпартам Новай Беларусі падчас форуму «Беларусы годныя лепшага». Варшава, Польшча. 26 студзеня 2025 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка 26 студзеня падчас форуму ў Варшаве «Беларусы годныя лепшага» рэпрэзентаваў узор новага беларускага пашпарту – пашпарту Новай Беларусі. І адказаў на крытыку тых, хто называе яго сувенірам.

Палітык адзначыў, што гэты пашпарт, створаны на запыт беларусаў у эміграцыі, стаўся рэальнасцю, хоць наперадзе яшчэ шмат працы. Ён падкрэсліў, што ў свеце яшчэ няма такога прэцэдэнту, да якога маглі б апеляваць беларускія дэмакратычныя сілы дзеля прызнання новага дакументу.

,,

«Мы праходзім гэты шлях упершыню. І мы шукаем, намацваем магчымасць і вырашэнне для таго, каб гэты пашпарт быў не толькі сімвалічным дакументам, але і меў практычную карысць», – сказаў Франак Вячорка.


Пашпарт важны, але пакуль прыярытэт іншы

Паводле яго, над пашпартам Новай Беларусі дэмакратычныя сілы працуюць у дадатак да тэрміновай і прыярытэтнай працы, звязанай з легалізацыяй беларусаў, атрыманнем дазволу на жыхарства і міжнароднай абароны, патрабаваннямі апастылю. Тым не менш, дадаў палітык, над прызнаннем пашпарту дэмакратычныя сілы будуць працаваць «у любым разе», каб яго «давесці да канца».

Вячорка прызнаў, што гэты пашпарт пакуль не заменіць дазволу на жыхарства і праезных дакументаў, але «гэта зачын на будучыню», які можа вярнуцца ў «новую дэмакратычную Беларусь». Ён адзначыў, што «тое, што ён біяметрычны, тое, што ён электронны, дазволіць яму быць актуальным і тры, і пяць, і дзесяць гадоў наперад».

Святлана Ціханоўская на адкрыцці форуму «Беларусы годныя лепшага». Варшава, Польшча. 26 студзеня 2025 года. Фота: Белсат
Што рабіць з тым, што «беларусы годныя лепшага»? Вось што казалі на форуме ў Варшаве Рэпартаж

Вячорка адзначыў, што дзякуючы працы дэмакратычных сілаў шэраг краінаў за апошні год спрасціў для беларусаў умовы атрымання дакументаў. У некаторых з іх (Аўстрыя, Балгарыя, Літва, Нідэрланды, Нямеччына, Польшча, Славенія, Фінляндыя, Францыя, Швецыя, Чэхія) беларусы ўжо атрымалі пашпарты замежніка. Але тым не менш, бальшыня краінаў Еўразвязу, не кажучы пра краіны Каўказу і Балканаў, не выдае такога дакументу. Менавіта ў гэтых краінах і прапануецца змагацца за статус пашпарту Новай Беларусі.

Навошта пашпарт?

Палітык адзначыў важнасць сімвалічнай ролі пашпарту Новай Беларусі, бо «ў палітыцы нават сімвалічныя рэчы маюць вельмі вялікае значэнне». Гэтак, дакумент ініцыяваны самымі беларусамі, умацоўвае іхную каардынацыю з дэмакратычнымі сіламі, дае магчымасць адрозніваць грамадзянаў Беларусі ад уладаў краіны. Таксама пашпарт дэманструе інавацыйнасць і сімвалізуе здольнасць беларусаў эксперыментаваць і «ў самых складаных умовах ствараць крэатыўныя, нечаканыя рашэнні», дадаў Вячорка.

Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка з пашпартам Новай Беларусі падчас форуму «Беларусы годныя лепшага». Варшава, Польшча. 26 студзеня 2025 года. Фота: Белсат
Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка з пашпартам Новай Беларусі падчас форуму «Беларусы годныя лепшага». Варшава, Польшча. 26 студзеня 2025 года. Фота: Белсат
Пашпарт Новай Беларусі. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай / zerkalo.io
«Меркаванне, але не пастанова»: Вячорка – пра заяву літоўскага дэпутата аб непрызнанні пашпарту Новай Беларусі навіны

Таксама, паводле яго, гэты дакумент выконвае палітычную функцыю, пазбаўляючы ўлады Беларусі манаполіі на дакументы. У прыватнасці, ён самой сваёй ідэяй спрашчае ўжо цяпер магчымасці легалізацыі для беларусаў, штурхаючы ўлады замежных краінаў думаць над гэтым. Апроч таго, пашпарт прыцягвае ўвагу да сітуацыі, у якой давялося апынуцца сотням тысяч беларусаў, якія мусілі пакінуць радзіму.

З практычнага боку, адзначыў Вячорка, дакумент «крок за крокам будзе набываць новыя магчымасці і даваць новыя бенефіты сваім уласнікам». На ягоную думку, чым больш будзе выдадзена такіх пашпартоў, тым больш будзе аргументаў у размовах з замежнымі палітыкамі казаць пра важнасць гэтага дакументу.

Якія планы далей?

Вячорка адзначыў, што першы пашпарт будзе выдадзены толькі тады, калі дэмакратычныя сілы ў выніку аўдыту ўпэўняцца ў яго бяспечнасці. Гэта зойме некалькі тыдняў. Але ўжо 26 студзеня пачаўся прыём перадзамоваў на сайце belarus-passport.com. Гэта робіцца не чакаючы афіцыйнага прызнання. Пакуль пашпартны цэнтр працуе ў Вільні, але ў перспектыве яго плануюць адкрыць у Польшчы і пры магчымасці ва Украіне.

Палітык адзначыў, што ўсе неабходныя аўдыты маюць скончыцца да 31 сакавіка. Да канца жніўня 2025 года будуць весціся перамовы з урадамі іншых краінаў, каб «да канца года пашпарт быў унесены з тым ці іншым статусам у базу Еўрапейскага Звязу». Ад гэтага будзе залежаць і адкрыццё іншых пашпартных цэнтраў. Пры гэтым ён нагадаў, што дакумент не ёсць бясплатным і фінансуецца самымі беларусамі.

Вячорка выказаў упэўненасць, што гэты праект стане «нашым ноу-хау» і сведчаннем здольнасці беларусаў знаходзіць выйсце ў самых складаных сітуацыях і ствараць гістарычныя прэцэдэнты.

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10