навіны

«Меркаванне, але не пастанова»: Вячорка – пра заяву літоўскага дэпутата аб непрызнанні пашпарту Новай Беларусі

img
Пашпарт Новай Беларусі. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай / zerkalo.io
podpis źródła zdjęcia

Старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка пракаментаваў «Белсату» заяву літоўскага дэпутата пра тое, што пашпарт Новай Беларусі не прызнаюць у Літве. Вячорка сказаў, што гэта «толькі меркаванне» і што кансультацыі з уладамі ў Вільні працягнуцца.

«Сімвалічны дакумент, што не мае ані юрыдычнай, ані дыпламатычнай сілы. Ён не будзе прызнаны правадзейным на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі», – заявіў старшыня камітэту ў замежных справах Сейму Літвы Рэмігіюс Мотузас.


Ён сказаў так перад закрытым паседжаннем камітэту, дзе сёння абмяркоўваецца праект дэмакратычных сілаў «Беларускі нацыянальны пашпарт». Паводле дэпутата, ён чакае, што ўдзельнікі сустрэчы з розных установаў дасягнуць «адзінай пазіцыі», бо «пытанне далікатнае», перадае LRT.


«Дыскусія яшчэ нават не пачалася», – запярэчыў на гэта старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. У каментары «Белсату» ён назваў заяву літоўскага дэпутата «толькі меркаваннем»:

,,

«Мы, вядома, удзячныя за меркаванне, і мы разумеем засцярогі літоўскіх палітыкаў наконт выкарыстання Пагоні, але я ўпэўнены, што мы зможам патлумачыць, чаму менавіта Пагоня мусіць быць на гэтым пашпарце і чаму гэты дакумент такі важны для беларусаў».


Вячорка падкрэсліў, што кансультацыі з міністэрствамі замежных і ўнутраных справаў Літвы яшчэ наперадзе:


«Ужо дасланая сэмплы ў Міністэрства замежных справаў. Мы будзем праводзіць кансультацыі з МЗС і МУС пра статус гэтага дакументу, але гэта яшчэ зойме досыць доўгі час і можа заняць месяцы, перш чым мы знойдзем легальнае развязанне для статусу нашага пашпарту Новай Беларусі».


Дарадца абранай прэзідэнткі Беларусі запэўніў, што праца над прызнаннем пашпарту ў розных краінах спыняцца не будзе:


«Трэба знайсці легальнае развязанне, які статус гэтага дакументу будзе ў розных краінах. Калі ў Літве ці ў Польшчы ёсць часовае развязанне з пашпартамі замежніка, то ў многіх іншых краінах няма такога развязання, і там пашпарт можа спрацаваць. Магчыма, пашпарт будзе мець і выконваць іншыя ролі, у тым ліку верыфікацыі тых асобаў, якія перабываюць ужо на тэрыторыі Еўрапейскага Звязу. Гэта ўсё прадмет для размоваў».


Як адзначыў Вячорка, заява дэпутата Мотузаса не сведчыць, што пастанова ўжо прынятая і ёсць канчатковаю:

,,

«Тое, што мы пачулі ад кіраўніка камітэту ў замежных справах, безумоўна, не канчатковае. І, безумоўна, мы будзем працягваць грукацца ў дзверы, размаўляць і тлумачыць, чаму пашпарт, чаму гэтае развязанне важнае для беларусаў. З аднаго боку – кароткатэрміновае развязанне: пашпарты замежніка, прызнанне пратэрмінаваных пашпартоў, а з іншага боку – доўгатэрміновае: новы нацыянальны беларускі пашпарт».


Пашпарт новай Беларусі. Крыніца: Зеркало

Валер Кавалеўскі: Пытанне не ў тым, каб выдаць кніжку, падобную на пашпарт

навіны

Ранейшая прэтэнзія літоўскіх палітыкаў да пашпарту Новай Беларусі – Пагоня на вокладцы – падобна, не стала вялікай праблемаю. Надоечы прэзідэнт суседняй краіны Гітанас Наўседа заявіў, што літоўскі герб «Віціс» – «выдатны, прыгожы літоўскі сімвал» і што літоўцы «могуць дазволіць выкарыстоўваць гэты сімвал народам, якія спавядаюць свабоду і не стаяць на каленях перад Пуціным».


Пра ўласна прызнанне пашпарту Новай Беларусі Наўседа сказаў, што «варта разглядзець» юрыдычныя і дыпламатычныя аспекты такога прызнання. Такім чынам, кіраўнік дзяржавы не стаў загадзя сцвярджаць, што аніякіх перспектываў праект не мае.


Тым часам пасля закрытага паседжання камітэту ў замежных справах Сейму міністр унутраных справаў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч канстатаваў, што «на гэты момант у МУС не бачаць падставаў» прызнаваць пашпарт Новай Беларусі дакументам, дзякуючы якому выдаваўся б від на жыхарства, або дакументам падарожніка ці пашпартам замежніка.


Міністр пры гэтым адзначыў, што пытанне прызнання пашпарту Новай Беларусі нават не абмяркоўвалася:


«Пытанне было, ці могуць грамадзяне Беларусі, якія цяпер у Літве, мець законныя падставы для перабывання ў нашай краіне або перасоўвання па Еўразвязе. Яны маюць такія магчымасці».


Пашпарту Новай Беларусі пакуль не прызнае ніводная краіна. Нягледзячы на гэта, ужо 26 студзеня падчас фэсту «Беларусы годныя лепшага» пачнецца прыём заявак ад ахвочых. За дакумент, які арганізацыя «BYPOL» назвала «прыгожым сувенірам», давядзецца заплаціць 97 еўраў.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10