Гісторыі

Ахмед Закаеў: «І беларусы, і чачэнцы – мы будзем вольныя і незалежныя»

Прэм'ер-міністр эміграцыйнага ўраду Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя Ахмед Закаеў
Прэм'ер-міністр эміграцыйнага ўраду Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя Ахмед Закаеў. Кіеў, Украіна. Травень 2022 года. Фота: golos.com.ua
podpis źródła zdjęcia

Што агульнага ў беларусаў і чачэнцаў, якую ролю ў гісторыі Беларусі могуць адыграць полк Каліноўскага і Святлана Ціханоўская, якая будучыня чакае Расею. Пра гэта «Белсат» пагутарыў з прэм'ер-міністрам эміграцыйнага ўраду Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя Ахмедам Закаевым, якога ўлады РФ абвінавачваюць у тэрарызме.

– Беларусь і Ічкерыя, што агульнае бачыцца вам у лёсах нашых народаў?

– Калі гістарычна, гэта адзін бок. Тое, што сёння ў нас агульнае – гэта акупацыйныя рэжымы, якія ўстанавіла Расея, як на тэрыторыі Чачэнскай рэспублікі, так і ў Беларусі. Народы і Беларусі, і Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя знаходзяцца ў закладніках той злачыннай сістэмы. Кіруе гэтай сістэмай на месцах менавіта Крэмль. Вось гэта агульнае. Калі ў цэлым гістарычна, так, беларусы гэтак жа, як і чачэнцы змагаліся за сваю свабоду, незалежнасць на розных этапах, у розныя эпохі. Як і чачэнцы, якія вядуць 500 гадоў барацьбу за незалежнасць, яны пакуль яшчэ не дасягнулі нацыянальнага суверэнітэту і незалежнасці. Але я ўпэўнены, што і беларусы, і чачэнцы, мы будзем вольныя і незалежныя, і мы ўсталюем нашы нармальныя братэрскія адносіны.

– Якой вам бачыцца роля Лукашэнкі, асабліва пасля пачатку вайны Расеі супраць Украіны?

– Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўжо даў ацэнку дзеянням і паводзінам Лукашэнкі: ён датычны да тых ваенных злачынстваў, што здзяйсняюцца ва Украіне. Таму што [Уладзімір] Пуцін з дазволу Лукашэнкі здолеў уцягнуць Беларусь у гэтую вайну.

Хоць актыўна яна не ўдзельнічае ў ваенных дзеяннях, але сама краіна, дзяржава выкарыстоўваецца як плацдарм для вядзення агрэсіўнай вайны супраць Украіны і ўкраінскага народу. Я ўпэўнены, што працэс, аналагічны Нюрнбэргскаму, павінен быць, ён мае даць ацэнку гэтым падзеям. Беларускія чыноўнікі, якія сёння выконваюць злачынныя загады Лукашэнкі, будуць уцягнутыя ў гэты працэс і павінны будуць несці адказнасць нароўні з расейскімі, бо яны сёння з'яўляюцца саўдзельнікамі гэтай злачыннай вайны.

– Як вы ацанілі б той факт, што ў беларусаў ёсць Святлана Ціханоўская, як кажуць на Захадзе, «прэзідэнт-элект», і ейны кабінет – альтэрнатыўны, ценявы ўрад. Якое гэта, на ваш погляд, мае значэнне?

– Гэта мае вялікае значэнне – тое, што сёння ёсць урад за мяжой, за мяжой або ў выгнанні, як хочаце, так і называйце яго. Іх праца, палітычная праца, што вядзецца ў Еўропе і на Захадзе, яна вельмі важная для будучыні беларускага народу і беларускай дзяржавы. Менавіта яны павінны будуць даваць ужо ад імя народа Беларусі, прававую ацэнку. Я думаю, што менавіта гэта падштурхнула сёння Лукашэнку да датэрміновых выбараў, ён хоча пазбавіцца ад гэтага. Ён разумее, якую палітычную ролю ў будучыні і нават цяпер мае ўрад Ціханоўскай, якая ў пэўнай ступені многімі краінамі прызнаная як легітымны прэзідэнт.

– Як выглядае цяпер сітуацыя ў Чачэніі і агулам на Паўночным Каўказе, асабліва пасля пачатку вайны?

– Вядома, настроі кардынальна змяніліся не толькі ў чачэнцаў і чачэнскага народу, але і ва ўсіх прадстаўнікоў паўночнакаўказскіх народаў. Менавіта зыходзячы з іх настрою, мы і стварылі камітэт па аднаўленні дзяржаў Паўночнага Каўказу. Гэта адбылося летась у Еўрапарламенце. Мы агучвалі гэты праект, ёсць прэзідэнт, ёсць структура, якая сёння прадстаўлена на міжнароднай арэне.

Мяркую, што найважнейшая задача прадстаўнікоў гэтых народаў – пачаць кааперавацца з гэтым камітэтам дзеля таго, каб аднавіць нацыянальныя дзяржавы.

Прэм'ер-міністр эміграцыйнага ўраду Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя Ахмед Закаеў выступае з прамовай у час дэманстрацыі ў гадавіну дэпартацыі і генацыду чачэнцаў і інгушоў 23 лютага 1944 года, таксама вядомай як аперацыя «Чечевица». Брусель, Бельгія. 25 лютага 2023 года. Фота: Thierry Monasse / Getty Images
Прэм'ер-міністр эміграцыйнага ўраду Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя Ахмед Закаеў выступае з прамовай у час дэманстрацыі ў гадавіну дэпартацыі і генацыду чачэнцаў і інгушоў 23 лютага 1944 года, таксама вядомай як аперацыя «Чечевица». Брусель, Бельгія. 25 лютага 2023 года. Фота: Thierry Monasse / Getty Images

Пасля распаду Расейскай імперыі на Каўказе была створана Горская рэспубліка. Гэта была канфедэрацыя каўказскіх народаў. Па аналогіі з гэтым праектам мы і стварылі гэты камітэт. Галоўнае, каб было разуменне, што, каб яно адбылося як канфедэратыўнае дзяржаўнае ўтварэнне, неабходна, каб гэтыя народы сталі суверэннымі і незалежнымі.

Мяркую, што вось у гэтым ключы настроі людзей змяніліся на фоне цяперашняй вайны. У гэтых народаў ёсць і надзея, і ўпэўненасць у тым, што Расея пасля гэтай агрэсіўнай вайны супраць Украіны, пасля вайсковай паразы ва Украіне павінна трансфармавацца ў нейкае іншае дзяржаўнае ўстварэнне, як ва ўсе часы і адбывалася. Распад Расейскай імперыі, распад або трансфармацыя савецкай імперыі... тое ж мае адбыцца ў сённяшняй псеўдадэмакратычнай Расейскай імперыі.

– У верасні мінулага года вы сустракаліся ва Украіне з кіраўніцтвам беларускага палка Каліноўскага, што ваюе, як вядома, на баку Украіны. Якія ў вас асабістыя ўражанні засталіся ад той сустрэчы і якія высновы вы зрабілі для сябе?

– Наяўнасць гэтага палка, гэтай вайсковай структуры, якая сёння ўвасабляе незалежнасць Беларусі – гэта вельмі важна: гістарычна важна і сімвалічна важна.

Памятаеце, пасля Першай сусветнай вайны або ў перыяд Першай сусветнай вайны, аўстрыйцы і Нямеччына стварылі польскі легіён. І вось гэты легіён стаў ядром незалежнасці Польшчы.

Я ўпэўнены, што вось гэты сілавы складнік, які сёння выступае за Беларусь, можа адыграць і адыграе велізарную ролю ў вызваленні ад акупацыйных структураў, у справе дасягнення сапраўднай незалежнасці і суверэнітэту Беларусі. Таму, вельмі важна, што ёсць такая сіла і ёсць такая структура.

Прадстаўнікі дыяспары Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя, а таксама грузінскія і беларускія актывісты, правялі дэманстрацыю ў гадавіну дэпартацыі і генацыду чачэнцаў і інгушоў 23 лютага 1944 года. Брусель, Бельгія. 25 лютага 2023 года. Фота: Thierry Monasse / Getty Images
Прадстаўнікі дыяспары Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя, а таксама грузінскія і беларускія актывісты, правялі дэманстрацыю ў гадавіну дэпартацыі і генацыду чачэнцаў і інгушоў 23 лютага 1944 года. Брусель, Бельгія. 25 лютага 2023 года. Фота: Thierry Monasse / Getty Images

– Вы адзначылі тады на прэс-канферэнцыі ў Кіеве, што з усяго былога СССР толькі ўкраінцы падчас чачэнскіх войнаў у сярэдзіне 1990-х падтрымалі вас. Чаму так адбылося?

– Чаму яны? У першую чаргу таму, што мы гістарычна звязаныя. Асабліва свежыя ў памяці ў адносінах між украінцамі і чачэнцамі падзеі 1939 года, Галадамор, калі велізарная колькасць украінцаў прыбыла на тэрыторыю Чачэніі. Многія выратаваліся і выратавалі сваіх дзяцей. З таго часу гэтая сувязь – і кроўная і духоўная – існуе.

Кроўная чаму? Таму што ўкраінцы, якія выраслі ў Чачэніі, дзяўчаты павыходзілі замуж за чачэнцаў, украінцы ажаніліся з чачэнскімі дзяўчынамі, і ў прынцыпе іх ужо нельга назваць украінцамі, гэта чачэнцы.

Яны гавораць на чачэнскай, яны вызнаюць іслам, але яны ведаюць, і мы ведаем, што гэта ўкраінцы. Я думаю, што вось гэты пасыл у першую чаргу і спрацаваў, калі УНА-УНСО адправіла сваіх добраахвотнікаў на тэрыторыю Чачэніі.

– А чаму толькі ўкраінцы вас падтрымалі?

– Гэта не таму, што іншыя рэспублікі ці краіны не хацелі нас падтрымаць. Тады была агульная такая кан'юнктура: і беларусы, і іншыя постсавецкія краіны падлашчваліся да Масквы і былі вельмі залежныя ад яе. Ніякім чынам яны не хацелі быць датычнымі да таго супраціву, які чачэнскі народ аказваў расейскім агрэсарам у той перыяд. Хоць гэта быў зман і вялікая памылка.

Калі б Расею тады ў Чачэніі спынілі, не толькі краіны постсавецкай прасторы, але і еўрапейскія дзяржавы не далі б ім зрабіць таго, што яны зрабілі з чачэнцамі, дык сёння сітуацыя ў свеце выглядала б зусім па-іншаму.

Не было б ні акупацыі часткі Малдовы, ні Грузіі, ні вайны ва Украіне. Іншай была б сітуацыя ў Беларусі, якая цалкам знаходзіцца пад кантролем расейскіх агрэсараў. Гэтага ўсяго можна было б пазбегнуць, калі б тады Расею спынілі ў Чачэніі.

Прэм'ер-міністр эміграцыйнага ўраду Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя Ахмед Закаеў (у цэнтры) падчас свайго афіцыйнага візіту ў Харкаў, Украіна. 6 чэрвеня 2023 года. Фота: Oleksandr Magula / Global Images Ukraine via Getty Images
Прэм'ер-міністр эміграцыйнага ўраду Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя Ахмед Закаеў (у цэнтры) падчас свайго афіцыйнага візіту ў Харкаў, Украіна. 6 чэрвеня 2023 года. Фота: Oleksandr Magula / Global Images Ukraine via Getty Images

– Хачу крыху паспрачацца з вамі на гэты конт. Джахар Дудаеў, першы прэзідэнт Чачэніі, быў забіты, калі не памыляюся, 21 красавіка 1996 года. Праз пяць дзён у Менску прайшоў Чарнобыльскі шлях, адна з найбуйнейшых акцый пратэсту, на якой Зянон Пазняк, лідар Беларускага Народнага Фронту, абвясціў хвіліну маўчання ў памяць пра Джахара Дудаева. Што скажаце на гэты конт?

– Вы вельмі так правакацыйна задалі пытанне: «чаму толькі Украіна?» Я меў на ўвазе адносна УНА-УНСО, іх асабісты ўдзел у ваенных дзеяннях. У палітычных адносінах, вядома, і беларусы, і ўкраінцы, і Казахстан, і іншыя каўказскія рэспублікі заяўлялі і выказвалі падтрымку, але асабіста ў ліку добраахвотнікаў, якія ўдзельнічалі ў адбіцці расейскай агрэсіі, былі толькі прадстаўнікі Украіны.

– Калі мы ўспомнілі Джахара Дудаева, які, хутчэй за ўсё, быў забіты расейскімі спецслужбамі, успомнім і ягоныя словы пра тое, што Расея – гэта Карфаген, які мае быць разбураны. Самая ж Расея, дакладней Крэмль лічыць сябе трэцім Рымам. Добра, што яшчэ не Трэцім Райхам. Што вы думаеце наконт падобных аналогій?

– Вы, у прынцыпе, самі сказалі, Трэці Райх, трэці Рым... Толькі не бываць ні Трэцяму Райху, ні трэцяму Рыму. Джахар меў рацыю, і я думаю, мы станем сведкамі распаду гэтай апошняй імперыі. Маё такое перакананне і ўражанне, што гэта апошняя вайна Расеі, якую яна вядзе і развязала ва Украіне. Гэта будзе апошняя вайна ў Расейскай імперыі. Пасля чаго гэтая краіна павінна будзе трансфармавацца ў нешта іншае і змяніцца. Мы не кажам, што яна знікне з твару зямлі. Гэта велізарная тэрыторыя. Але на гэтай велізарнай тэрыторыі павінны будуць утварыцца незалежныя і суверэнныя дзяржавы, для якіх правы чалавека і прынцыпы міжнароднай супольнасці будуць з'яўляцца прыярытэтнымі ў іхным жыцці і ў развіцці гэтых дзяржаў.

Новыя байцы чачэнскага добраахвотніцкага батальёна імя Джахара Дудаева трымаюць сцяг Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя падчас вучэнняў у Кіеўскай вобласці, Украіна. 27 жніўня 2022 года. Фота: Genya Savilov / AFP / East News
Новыя байцы чачэнскага добраахвотніцкага батальёна імя Джахара Дудаева трымаюць сцяг Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя падчас вучэнняў у Кіеўскай вобласці, Украіна. 27 жніўня 2022 года. Фота: Genya Savilov / AFP / East News

– Вы ўжо практычна адказалі на маё апошняе пытанне, але ўсё ж задам яго... Што вы думаеце пра перспектывы Расеі, у тым ліку на Паўночным Каўказе?

– Я думаю, што мы ўсе цяпер перажываем апошні этап агоніі Расейскай імперыі, ейныя апошнія патугі. Мы ведаем, што прынцып імперыі: захоўваецца датуль, пакуль яна вядзе захопніцкія войны. Менавіта гэтым і кіраваўся і Пуцін, і ўся сістэма, калі яны развязвалі гэтую вайну. Калі яны вялі вайну з Чачэніяй, яны сышлі ў абарону. Ім здалося, што гэта пагроза распаду, пагроза самога існавання Расейскай імперыі. Таму яны развязалі ўсе гэтыя войны ў далейшым. Але сёння я ўпэўнены, што гэта апошняя вайна! Тыя народы, што былі ў каланіяльнай залежнасці ад Расеі, многія з гэтых народаў вызваляцца і створаць свае незалежныя дзяржавы. Я ў гэтым абсалютна ўпэўнены.

Алесь Сіліч / ЮК belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10