Пасля з’яўлення навіны пра тое, што заяўкі на «пашпарт новай Беларусі» пачнуць прымаць з 26 студзеня, кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва і былы чалец Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Валер Кавалеўскі, які да свайго сыходу з кабінету займаўся пытаннямі распрацоўкі пашпарта, выказаў свае крытычныя заўвагі з нагоды такой пастановы. Мы звязаліся з палітыкам, каб удакладніць ягоную пазіцыю.
Крытыка Кавалеўскага
На сваёй старонцы ў Facebook Валер Кавалеўскі адзначыў, што ў праекце «пашпарта новай Беларусі» відавочна ёсць прагрэс. Але разам з тым, піша палітык, у крытычных параметрах ёсць рэзкае адхіленне ад таго бачання, «якое было мной распрацаванае з удзелам міжнародных экспертаў, уключна з прадстаўнікамі самой індустрыі праязных дакументаў».
Таксама, на думку былога прадстаўніка АПКБ, ёсць прабелы ў апісанні працэсаў з тэхнічнага і арганізацыйнага боку, у пытаннях бяспекі пры захаванні персанальных звестак і ў падыходзе да атрымання прызнання дакументу.
Адразу пасля свайго сыходу з Кабінету, заўважыў Кавалеўскі, ён перадаў усе гэтыя веды і візію Офісу Святланы Ціханоўскай, АПКБ і кіраўніку пашпартнага цэнтру.
«Калі меркаваць па наяўнай інфармацыі, то зараз складана ўявіць абраны ОСТ/АПК/БПЦ [Беларускі пашпартны цэнтр. – Заўв. рэд. «Белсату»] шлях да міжнароднага прызнання пашпарта – а гэта галоўная ідэя праекту і чаканне беларусаў замежжа, а не яго сімвалізм», – адзначыў у сваім допісе Кавалеўскі.
Што было і што будзе
Дык у чым жа розніца паміж першапачатковым бачаннем праекту і тым, што мы назіраем цяпер? З такім пытаннем мы звярнуліся па каментар да Валера Кавалеўскага.
У першую чаргу, адзначыў палітык, галоўнай структурай для пашпартнага праекту меўся быць Беларускі пашпартны цэнтр – орган выдачы, стварэнне якога мусіла б адбыцца паводле канонаў такіх інстытутаў, якія дзеюць у кожнай краіне. Гэта прадугледжвае поўную адпаведнасць міжнародным стандартам, празрыстасць, зразумеласць таго, як працуе гэты цэнтр, хто ў ім працуе. Гэта прадугледжвае і зразумеласць пратаколаў, якімі карыстаюцца ў цэнтры, – у такіх функцыях, як збор інфармацыі, верыфікацыя звестак людзей, якія звяртаюцца па атрыманне дакументу, захаванне звестак.
,,«На сённяшні дзень я не бачу ў гэтых адказах [інтэрв’ю з кіраўніком праекту «пашпарта Новай Беларусі» Марусам Гудзялайцісам выйшла ў выданні «Зеркало». – Заўв. рэд. «Белсату»] пэўнасці ў тым, як будуць выконвацца гэтыя задачы. Асабліва ў тым, што тычыцца, напрыклад, захавання звестак. І гэтая формула “Давярайце нам, усё будзе добра” – мы ведаем, як ненадзейна яна працуе ў самых розных выпадках, што інфармацыя трапляе не ў тыя рукі, як хацелася б, і гэта стварае пагрозу свабодзе і жыццю людзей», – адзначыў Валер Кавалеўскі.
Усе гэтыя пытанні былі адпрацаваныя ў прыведзеным вышэй артыкуле не да канца, заўважыў суразмоўца і дапусціў, што яны недапрацаваныя і на практыцы.
На дадатак, Кавалеўскі адзначыў: спачатку прадугледжвалася, што калі будзе сфармаваны орган выдачы з адпаведнымі пратаколамі, работнікамі, абсталяваннем і бізнес-працэсамі ўнутры яго, то павінны быў адбыцца яго незалежны аўдыт. Бо існуюць спецыяльныя кампаніі, якія ацэньваюць адпаведнасць міжнародным нормам і стандартам і выдаюць адпаведны сертыфікат, які пацвярджае, што орган выдачы сапраўды адпавядае міжнародным нормам і стандартам.
Гэта важна для таго, каб пакет дакументаў, які мусілі адпраўляць замежным дзяржавам для прызнання пашпарта, уключаў у сябе ўзор пашпарта, сертыфікат незалежнага аўдыту, а таксама міжнародна-прававое абгрунтаванне таго, чаму гэты пашпарт павінны быць прызнаны, чаму дзяржавы павінны давяраць менавіта гэтаму органу выдачы.
,,«Мы бачым на сённяшні дзень, што фактычна ёсць толькі пашпартная кніжка, мы яшчэ не бачылі, як яна выглядае, а менавіта ўзор гэтага дакументу. Але няма абгрунтавання і няма сертыфіката аўдыту. Гэта даволі важныя інструменты для таго, каб дамагацца менавіта міжнароднага прызнання гэтага дакументу», – адзначыў Кавалеўскі.
Навошта Аб'яднанаму пераходнаму кабінету біяметрыя?
На дадатак, паводле Валера Кавалеўскага, выклікае здзіўленне тое, што пашпартны цэнтр будзе збіраць біяметрычныя звесткі.
«Фактычна электронны пашпарт не павінны быць біяметрычным, ён можа быць электронным, а гэта значыць, што частка інфармацыі з дакументу са старонкі звестак запісваецца на электронны чып у гэтым пашпарце, і ён выкарыстоўваецца пасля для верыфікацыі дакументу – напрыклад, пры перасячэнні мяжы. Біяметрычны [пашпарт] абазначае, што збіраюцца ўжо біяметрычныя звесткі, напрыклад, адбіткі пальцаў ці радужная абалонка ў вачах людзей. Але гэтыя звесткі патрэбныя органам унутраных справаў краіны. Я не разумею, для чаго органу выдачы Аб’яднанага пераходнага кабінету і Офісу Святланы Ціханоўскай патрэбныя біяметрычныя звесткі людзей? Дзеля барацьбы са злачыннасцю?» – кажа Кавалеўскі.
Ён адзначыў, што гэта абсурдна і непатрэбна, бо значна ўскладняе працэс падачы дакументаў на атрыманне пашпарта і робіць яго дарагім: для таго каб сканаваць адбіткі пальцаў, трэба адмысловае абсталяванне.
Здзіўленне Валера Кавалеўскага выклікала і рэкамендацыя не карыстацца ўласным кодам краіны. Гэта значыць, што ўсё, што робіцца, фактычна ствараецца з нуля і ні да чаго не прывязанае. На думку Кавалеўскага, гэта бесперспектыўны шлях, які не прывядзе да прызнання пашпарта іншымі краінамі або можа расцягнуць гэтае прызнанне на дзесяцігоддзі.
«Таму можна сказаць, што тая інфармацыя, якую я бачу сёння пра пашпартны праект, паказвае, што ці то шмат працы не зроблена, ці то не дароблена, ці то яны проста вельмі моцна спяшаліся, каб прадставіць гэты праект 26 студзеня на такім палітычным мерапрыемстве, у дзень галасавання ў Беларусі. Яны хацелі паказаць нейкую процівагу таму, што адбываецца ў нашай краіне. Але тым не менш я бачу, што ўсё ж такі застаюцца як сур'ёзныя прабелы, так і адхіленні, якія будуць ставіць пад пытанне надзейнасць гэтага органу выдачы, тое, ці можна яму давяраць і ці можна прызнаваць той дакумент, які будзе выдавацца гэтым цэнтрам», – адзначыў Валер Кавалеўскі.

Якая ад яго карысць?
Але тады ўзнікае пытанне, навошта ўвогуле патрэбны такі дакумент, калі ўлічваць, што фунцкцыянал яго не надта шырокі, за яго трэба заплаціць немалыя грошы і, акрамя ўсяго, ён можа несці рызыкі для ўладальнікаў?
На гэта Валер Кавалеўскі адказаў, што пытанне сапраўды не ў сімвалізме, не ў тым, каб проста выдаць кніжку, якая вонкава падобная да пашпарта, але пашпартам не ёсць. Самае галоўнае – гэта напаўненне гэтага дакументу і адказ на пытанне, ці змогуць беларусы карыстацца ім для таго, каб развязваць свае надзённыя праблемы: найперш гаворка ідзе пра паездкі паміж краінамі. І выглядае, што пакуль гэты пашпарт не развязвае гэтай праблемы, а з артыкулу мы разумеем, што яшчэ будуць весціся перамовы, адзначае суразмоўца і дадае: перамовы – гэта нармальна, але для таго каб пашпартны праект выглядаў пераканаўча, каб яму можна было давяраць, не выкананыя вельмі важныя ўмовы.
«То бок сам пашпартны цэнтр – гэта такая чорная скрыня, у якой незразумела што робіцца: хто там працуе, якімі пратаколамі карыстаюцца спецыялісты, няма аўдыту, няма нават міжнародна-прававога абгрунтавання. І вось ужо прайшло больш за паўгода, як я сышоў з Кабінету, і тады ўжо вялася размова пра тое, што трэба такое абгрунтаванне. Але мы бачым, што за шэсць месяцаў, нават пры тым, што асобны чалавек займаўся кіраўніцтвам гэтага праекту, абгрунтавання да гэтага часу няма», – рэзюмаваў Валер Кавалеўскі.
Раман Шавель belsat.eu