44-гадовы беларус атрымаў 5,5 года зняволення і шалёны штраф, не зважаючы на тое, што падчас следства скампенсаваў данаты амаль у двухсотразовым памеры.
10 студзеня Берасцейскі абласны суд вынес вырак жыхару Іванава Аляксандру Дарагакупцу. Мужчыну прысудзілі 5,5 года пазбаўлення волі і штраф памерам 50 тысячаў базавых велічыняў (эквівалентна Br 2,1 млн), паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна» са спасылкаю на Генеральную пракуратуру.
Акрамя таго, вядома, што падчас правядзення следства Аляксандр Дарагакупец пералічыў дзіцячым дамам $ 600 тысяч. Гэта была так званая кампенсацыя за данаты, якія мужчына адпраўляў так званым экстрэмісцкім фармаванням, у тым ліку палку Каліноўскага. Агулам мужчына адправіў ахвяраванняў грашыма і крыптавалютаю на суму не меншую за 11 тысячаў рублёў. Гэта значыць, яго прымусілі «кампенсаваць» ахвяраванні ў суме як найменей у 170 разоў большаю, чымся было адпраўлена данатаў.
Аляксандра Дарагакупца судзілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу РБ: ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 («Спрыянне наўмысным дзеянням, скіраваным на распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы паводле прыкметы іншай сацыяльнай прыналежнасці»); ч. 3 арт. 361-1 («Уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармавання з мэтаю здзяйснення злачынства экстрэмісцкай скіраванасці»); ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2 («Пералічэнне грошай любым спосабам для свядомага забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці, у тым ліку паўторна»); ч. 2 арт. 361-3 («Фінансаванне вербавання, навучання, іншага рыхтавання і выкарыстання грамадзянаў Беларусі і асобаў без грамадзянства, якія стала жывуць у Беларусі, для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў складзе ўзброенага фармавання аднаго з супрацьлеглых бакоў, ва ўзброеных канфліктах і ваенных дзеяннях пры адсутнасці прыкметаў найміцтва»); ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»).
Нагадаем, што практыка «кампенсацыі» данатаў у Беларусі даволі пашыраная. У сілавікоў ёсць нават каэфіцыенты, паводле якіх розныя асобы плацяць розныя сумы. Як расказала «Белсату» дзяўчына, якая прыехала ў Беларусь на выходныя, а апынулася на «размове» ў КДБ і была вымушаная заплаціць $ 500, на «размовы» ў КДБ стаялі чэргі. Ёй як нібыта парушальніцы, але не зацятай, сказалі, што заплаціць трэба ў 50 разоў больш, чымся яна заданаціла. Гэта назвалі мінімальным каэфіцыентам.
Раман Шавель belsat.eu