Берасцейская і Віцебская вобласці ўсталявалі збор за перасячэнне мяжы пры выездзе з Беларусі з 1 лютага 2025 года ў памеры адной базавай велічыні (42 рублі). Адпаведныя рашэнні Берасцейскага і Віцебскага абласных саветаў дэпутатаў былі апублікаваныя 11 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт- партале.
У рашэннях пералічваюцца катэгорыі, якія будуць вызваленыя ад збору. У Берасцейскай вобласці гэта:
• асобы, якія выязджаюць пасля пахавання ў Беларусі чальцоў сям’і і блізкіх сваякоў пры наяўнасці дакументаў, што гэта пацвярджаюць;
• замежныя грамадзяне, якія выязджаюць пасля знаходжання на санаторна-курортным лячэнні ў Беларусі пры наяўнасці дакументаў;
• замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія маюць дакументы, што пацвярджаюць ступень і выразнасць цяжкасцяў з фізічнай актыўнасцю;
• замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія выязджаюць з Беларусі паводле рашэнняў аб дэпартацыі;
• замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, для якіх усталяваны бязвізавы парадак уезду ў Беларусь і выезду з яе ў сувязі з правядзеннем Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» пры наяўнасці квіткоў на мерапрыемствы фестывалю;
• грамадзяне Беларусі, якія выязджаюць для атрымання медычнай дапамогі ці дыягностыкі пры наяўнасці дакументаў.
Віцебская вобласць дазволіць выязджаць без збору ў тым ліку:
• прадстаўнікам дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь у мэтах выканання службовых абавязкаў пры наяўнасці дакументаў, што гэта пацвярджаюць;
• замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, што прыбылі ў Беларусь па запрашэнні дзяржаўных органаў;
• ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаваў пры наўнасці дакументаў, а таксама асобам, якія суправаджаюць інвалідаў баявых дзеянняў;
• асобам, якія суправаджаюць грамадзянаў Беларусі, што выязджаюць на лячэнне;
• грамадзянам Беларусі, якія выязджаюць для догляду за чальцамі сям’і ці блізкімі сваякамі ў сувязі з іхнай цяжкай хваробай, а таксама тым, што вяртаюцца на сталае месца жыхарства пасля здзяйснення догляду за сваякамі пры наяўнасці дакументаў;
• асобам, якія перавозяць гемапаэтычныя ствалавыя клеткі, органы і (ці) тканкі чалавека для трансплантацыі.
Тэрмін дзеяння, на працягу якога будуць браць збор, не ўказаны ў пастановах абедзвюх вобласцяў. Раней ён падаўжаўся кожныя паўгода, але летась мясцовыя ўлады атрымалі права ўвесці бестэрміновы збор, што ўжо зрабіў Віцебскі абласны Савет дэпутатаў.
Як распавёў кіраўнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Віцебскага аблвыканкаму Яўген Каросцік, за 2024 год у бюджэт вобласці шляхам спагнання збору за перасячэнне мяжы паступіла каля двух мільёнаў рублёў.
,,«Гэта даволі някепскі дадатковы рэсурс для развіцця вобласці», – зазначыў чыноўнік.
Збор за перасячэнне мяжы Беларусі для транспартных сродкаў з масай не большай за 5 тонаў і ў незалежнасці ад колькасці пасажыраў быў уведзены 1 жніўня 2021 года як дадатковая мера барацьбы з каронавіруснай інфекцыяй. З таго часу дзеянне збору ўвесь час падаўжалі. Яго можна аплаціць праз сістэму АРІП ці ў пункце памежнага пропуску.
Напрыканцы снежня 2024 года Гарадзенскі і Берасцейскі аблвыканкамы абвесцілі пра часовую адмену спагнання мясцовага збору за перасячэнне мяжы Беларусі з Еўразвязам. У Берасці спагнанне збору прыпынялася да 31 студзеня, а пра парадак яго ўплаты з 1 лютага абяцалі паведаміць дадаткова.
Гарадзенскі аблвыканкам не ўдаклдняў, на які тэрмін адмяняецца збор, аднак абяцаў вярнуць яго яшчэ ў першым квартале 2025 года. Пакуль пастанова Гарадзенскай вобласці аб новым парадку аплаты збору не публікавалася.
Віцебскя вобласць пры прыпыненне спагнання збору асобна не паведамляла.
Марыя Міхалевіч belsat.eu