Гарадзенскі і Берасцейскі аблвыканкамы абвесцілі пра часовую адмену спагнання мясцовага збору за перасячэнне мяжы Беларусі з Еўразвязам.
З Берасця можна будзе выехаць у Польшчу без аплаты збору з 1 па 31 студзеня. У гэты перыяд супрацоўнікі памежнай службы ў пункце пропуску не будуць патрабаваць прад’яўлення дакументаў, якія пацвярджаюць аплату збору.
Парадак спагнання мясцовага збору за перасячэнне мяжы з 1 лютага 2025 года будзе вызначаны дадаткова, зазначае Берасцейскі аблвыканкам.
З 1 студзеня збор адмяніў таксама Гарадзенскі аблвыканкам. На які перыяд – не ўдакладняецца. Аднак мясцовыя ўлады абяцаюць вярнуць яго яшчэ ў першым квартале наступнага года, пра што «будзе паведамлена дадаткова».
Мясцовы збор, які трэба было аплочваць пры выездзе з Беларусі ў краіны Еўразвязу, быў уведзены ў 2021 годзе. Такая неабходнасць тлумачылася часовымі мерамі для барацьбы з каронавірусам. Мясцовыя ўлады ўвесь час падаўжалі тэрмін дзеяння збору, а ў снежні 2024 года атрымалі права зацвердзіць яго на пастаяннай аснове.
На дадзены момант збор за выезд з Беларусі праз тэрыторыю Віцебскай, Гарадзенскай і Берасцейскай вобласцяў для транспартных сродкаў да 5 тонаў, зарэгістраваных як у Беларусі, так і за мяжой, каштуе адну базавую велічыню – 40 рублёў. Збор можна аплаціць праз сістэму АРІП ці ў пункце памежнага пропуску.
Марыя Міхалевіч belsat.eu