Варшава Заходняя. 8.45 раніцы. «Ну, вазьміце, мяне, калі ласка! Я вас вельмі прашу! У мяне расейскі пашпарт, глядзіце. І квіток на цягнік з Менску!» – «Жанчына, адыдзіце! Будзе на самалёт – гляну. Не перашаджайце мне працаваць! Я людзей з квіткамі спрабую пасадзіць!» Гэтак цяпер на 8 платформе праважаюць кожны аўтобус у Беларусь. 7-8 студзеня і мы пабывалі на Заходняй і запыталі ў пасажыраў пра складанасці дабірання ў сінявокую.
Праблема з’явілася разам з разваротам чэргаў на мяжы ў бок Польшчы. Цяпер аўтобусы дабіраюцца да яе сталіцы больш за 2 дні.
«Сёння трэція суткі пайшлі, як мы едзем сюды з Горадні, – распавядае адзін з кіроўцаў. – І што рабіць? Усе стомленыя. Месцы ў нас ёсць, за даплату возьмем. Можаце квіток памяняць на вакзале, але толькі калі хутка, бо планавалі гадзіну таму ўжо выехаць».
Людзей на падсадку шмат. Каля аўтобусаў збіраецца чарга па 10–25 чалавек, якія перад гэтым атрымалі смс, што патрэбны ім аўтобус спазняецца на суткі-двое, а ехаць трэба менавіта зараз.
«Я ўжо трэці квіток мяняю і не ўпэўненая, што зараз – апошні раз, калі я гэта раблю, – распавядае жанчына з натоўпу. – Адчуванне, што я проста перавозчыкаў калекцыяную, бо выехаць так і не здолела!».
Смс, дарэчы, атрымліваюць не ўсе з тых, хто пакінуў свой актуальны нумар: на платформе перядычна беларусы запытваюць адзін у аднаго, ці астатнія чакаюць той жа рэйс і ці актуальны ён зараз.
«Вы на 8.45 на Менск? – пытае ў нас малады чалавек з ружовай валізай. – Я ім патэлефанаваў. Кажуць, пакуль перанеслі на 8.00 вечара».

Такі перанос не канчатковы, і інфармацыю трэба пастаянна абнаўляць па тэлефоне ці ў сацыяльных сетках у перавозчыкаў. На заметку: тэлефон не заўсёды бяруць адразу, да ўсяго могуць яго падняць, але не адказаць. Таму не лянуйцеся тэлефанаваць шмат разоў. Нумары павінныя быць указаныя на квітках. Тое ж самае і з сацыяльнымі сеткамі – адказ можна чакаць больш за гадзіну. На самім жа вакзале актуальнай інфармацыі не даюць:
«Нічога не ведаем. Тэлефануйце сваім перавозчыкам. Там павінныя адказаць. Гэта не нашая кампетэнцыя. Ідзіце на сваю платформу і там чакайце».
На падсадку ж бяруць звычайна за грошы. Да Брэста просяць 50 эўра. Столькі ж бяруць і да Менску:
«Пачакайце! – кіроўца спрабуе спыніць хаос на платформе, перыядычна зрываючыся на крык, бо аўтобус ужо амаль штурмуюць. – Я спачатку пускаю па квітах. Не трэба мне тут плакаць! Я павінен ведаць, колькі ў мяне вольных месцаў, бо пакуль іх было ўсяго 4».
«Але мне вельмі трэба! Ну, вазьміце! Я – інвалід. Не магу тут болей стаяць, хадзіць не магу», – енчыць жанчына сталага ўзросту. Побач яе падтрымлівае ці то сяброўка, ці то стыхійная знаёмая:
«Паглядзіце на яе! Ну, пашкадуйце чалавека!».

Праз 15 хвілінаў усе жадаючыя трапляюць у аўтобус – шмат хто з яго раней ужо перасеў на папярэднія рэйсы.
«Колазварот пасажыраў у прыродзе за падвойную аплату», – іранізуе мужчына з дзецьмі.
Але моцна выбіраць не прыходзіцца: плаціш альбо чакаеш. Тут ніхто не прымушае. Аўтобус на Менск са спазненнем у суткі і адну гадзіну наканец кранаецца з месца ў бок польска-беларускай мяжы, дзе цяпер, паводле дадзеных granica.gov.pl, час чакання на мяжы складае 0 гадзінаў і 0 хвілінаў.
У адваротны ж бок чэргі захоўваюцца. Цяпер (на раніцу 8 студзеня) на выезд з Беларусі налічваюць 2300 легкавікоў і 55 аўтобусаў, такія зьвесткі публікуе Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі.
Нагадаем, што «Мінсктранс» арганізаваў бясплатную перасадку пасажыраў у аўтобусы, якія рухаюцца да Варшавы, праз доўгае праходжанне дзяржаўнай мяжы ў бок Польшчы.
Марыя Голдстэйн belsat.eu