7 студзеня абраны прэзідэнт ЗША Доналд Трамп зрабіў шэраг заяваў, якія набылі розгалас. Яны датычылі вайны ва Украіне, абвінавачанняў у бок дзейнага прэзідэнта Злучаных Штатаў Джо Байдэна і планаў на будучыню, калі Трамп станецца кіраўніком Белага дому. Прыводзім галоўнае з ягоных заяваў перад журналістамі ў рэзідэнцыі Мар-а-Лага, што ў штаце Флорыда.
Абвінавачанне Байдэна
Трамп абвінаваціў адміністрацыю Байдэна ў некампетэнтнасці і адзначыў, што гэта сталася прычынаю пачатку вайны ва Украіне.
«Я думаю, Расея пайшла і атакавала Украіну, бо ўбачыла, што гэтыя хлопцы [адміністрацыя Байдэна. – Заўв. рэд. «Белсату»] некампетэнтныя. Яны не ведаюць, што робяць. Але мы ведаем, што робім, і ўсё гэта скончыцца. У нас вялікая армія», – прыводзіць словы Доналда Трампа ТАСС.
Таксама Трамп адзначыў, што вялікаю праблемаю Расеі ёсць Украіна ў складзе NATO.
,,«Я разумею іхныя пачуцці. І было зроблена шмат памылак у межах перамоваў у гэтым пытанні. Гэтая вайна можа эскалаваць да значна большага ўзроўню. Маё разуменне ў тым, што Украіна і Расея ўжо амаль дасягнулі ўгоды, але Байдэн сказаў, што Украіна мае быць чальцом NATO. І ўгода не адбылася», – сказаў абраны прэзідэнт ЗША.
Пры гэтым Доналд Трамп падкрэсліў, што тэрмін ягонага прэзідэнцтва пачнецца ў свеце, ахопленым канфліктамі.
Нагадаем: Трамп даўно казаў, што хоча спыніць вайну ва Украіне, нават зрабіў бы гэта «за 24 гадзіны». Таксама Трамп абяцаў «перадухіліць трэцюю сусветную вайну». Як менавіта, не раскрывае.
Была Мексіканская – станецца Амерыканская
Падчас выступу Доналд Трамп выказаў намер перайменаваць Мексіканскую затоку ў Амерыканскую.
,,«Мы збіраемся змяніць назву Мексіканскай затокі на Амерыканскую затоку. Якая прыгожая назва! І яна дарэчная. Дарэчная. І Мексіка мусіць спыніць дазваляць мільёнам людзей улівацца ў нашую краіну», – адзначыў Трамп.
Трамп абгрунтаваў такую пастанову тым, што Амерыка робіць вялікую частку працы ў гэтым рэгіёне, і «яна нашая». Пры гэтым будучы прэзідэнт раскрытыкаваў міграцыйную палітыку, якую праводзіць Мексіка, абвінаваціўшы яе ў тым, што яна недастаткова кантралюе плыні мігрантаў, якія пранікаюць у ЗША. Скампенсаваць гэта Доналд Трамп збіраецца праз увядзенне розных тарыфаў у дачыненні Мексікі і Канады.
Грэнландыя і Панамскі канал
Падчас прэс-канферэнцыі Доналд Трамп таксама не стаў гарантаваць, што будзе ўстрымлівацца ад выкарыстання вайсковых ці эканамічных метадаў для атрымання кантролю над Грэнландыяй і Панамскім каналам:
«Панамскі канал быў пабудаваны для нашых вайскоўцаў... Панамскі канал мае вялікае значэнне для нас. Цяпер ім кіруе Кітай. Кітай! Мы перадавалі канал Панаме, але не Кітаю».
Што датычыць Грэнландыі, Трамп выказаўся наступным чынам:
,,«Людзі нават не ведаюць, ці мае Данія законнае права на Грэнландыю. Але калі так, то яны мусяць адмовіцца ад яе, бо гэта неабходна нам для нацыянальнай бяспекі, для абароны свабоднага свету, у тым ліку ад караблёў Расеі і Кітаю».
Як вядома, у калядным пасланні Доналд Трамп заявіў пра неабходнасць купіць Грэнландыю і вярнуць кантроль над Панамскім каналам. А раней жартаваў, што зробіць з Канады 51-ы штат ЗША.
7 студзеня у Грэнландыю прыехаў сын Доналда Трампа, ён выклаў у сваім акаўнце ў Х відэа прыбыцця, а таксама фота з узлётна-пасадачнай паласы ў сталіцы Грэнландыі, Нуку.
Сам абраны прэзідэнт напісаў у «Truth Social», што ягоны сын цяпер у Грэнландыі:
«Доналд Трамп – малодшы і мае прадстаўнікі ад Рэспубліканскай партыі прызямліліся ў Грэнландыі. Прыём быў цудоўны. Ім і ўсяму свабоднаму свету патрэбныя бяспека, абарона, сіла і мір! Гэтая ўгода мае адбыцца. MAGA. Зробім Грэнландыю вялікаю зноў!» – напісаў Трамп.
Пры гэтым кароль Даніі пастанавіў змяніць герб сваёй краіны пасля заявы Трампа пра намер купіць Грэнландыю.
Тры кароны, якія сімвалізавалі 500-гадовую гісторыю звязу Даніі з Нарвегіяй і Швецыяй, былі выдаленыя. Замест гэтага ў новай версіі герба павялічылі і вылучылі сімвалы Грэнландыі і Фарэрскіх астравоў – белага мядзведзя і барана. Герб змянілі, каб умацаваць значнасць гэтых тэрыторыяў у складзе дацкай садружнасці.
Раман Шавель belsat.eu