Адразу пасля пратэстаў 2020 года Латвія актыўна прымала беларусаў, якія ўцякалі ад рэпрэсіяў на радзіме. Аднак пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ўмовы для беларусаў пагоршыліся.
Як паведамляе інфармацыйнае агенцтва LETA, з лютага 2022 года Служба дзяржаўнай бяспекі (СДБ) Латвіі ў супрацы з Дзяржаўнай памежнай аховай «ажыццяўляе на ўсходняй мяжы ўзмоцнены кантроль замежных грамадзянаў, якія ўязджаюць у краіну».
«Калі падчас правяранняў атрыманая інфармацыя пра тое, што замежны грамадзянін можа ўяўляць рызыку для нацыянальнай бяспекі, СДБ рэкамендуе памежнай ахове адмовіць яму ва ўездзе ў Латвію», – падкрэсліваецца ў публікацыі.
Так, у 2024 годзе ва ўездзе ў Латвію «з гледзішча бяспекі» адмовілі 1302 замежным грамадзянам. Гэта 401 грамадзянін Расеі, 377 грамадзянаў Малдовы, 306 – Украіны, 137 – Беларусі, 20 – Казахстану, 10 – Узбекістану, пяцёра – Ізраілю, па тры – Грузіі і Таджыкістану, па два – Вялікай Брытаніі, Кыргызстану і ЗША, адзін – Сербіі.
Надзея Вольная belsat.eu